Усе творы мастацтва, прадстаўленыя ў экспазіцыі, паходзяць са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фонды якога з’яўляюцца выяўленчым летапісам ваеннага і пасляваеннага часу.
Цэнтральнай фігурай праекта з’яўляецца асоба мастака з яго ўласным поглядам на ваенныя падзеі і пасляваенны час, аўтарскім апавяданнем аб Вялікай Айчыннай вайне і Перамозе, дзе перапляліся ўражанні мастакоў-відавочцаў, якія прайшлі фронт (Ф.М. Бараноўскі, Н.М. Воранаў, А.К. Глебаў, В.А. Грамыка, Н.Ц. Гуціеў, П.С. Дурчын, А.Б. Забораў, Я.А. Зайцаў, Н.Р. Залозны, А.М. Заспіцкі, А.І. Кроль, А.П. Курачкін, Э.С. Куфко, С.Д. Лі, А.П. Мазалёў, А.А. Малішэўскі, Б.Я. Малкін, С.Р. Раманаў, С.І. Селіханаў, І.Н. Стасевіч, Л.Д. Шчамялёў, П.М. Явіч і інш.), успаміны мастакоў, чыё дзяцінства прыпала на ваенныя гады (Л.П. Асецкі, Г.Х. Вашчанка, В.Ц. Гардзеенка, Л.М. Гумілеўскі, Л.Р. Давідзенка, М.В. Данцыг, Л.А. Дударэнка, В.М. Міхеева, Л.М. Мягкова, Г.Г. Паплаўскі і інш.), успрыманне падзей вайны мастакамі, што ведаюць пра яе толькі па апавяданнях (А.У. Батвінёнак, В.К. Дуброва, В.К. Яўсееў, У.У. Кожух, Н.В. Лівенцава, В.П. Маркавец, А.І. Мятліцкі, Б.Б. Цітовіч і інш.).
Для праекта адабраны рэдкія, невялікія па памерах замалёўкі 1941–1945 гадоў, якія адлюстроўваюць партрэты аднапалчан мастакоў, сюжэты сціплага побыту і рэдкага адпачынку, разбураныя будынкі і пустынныя населеныя пункты. Адмысловым блокам на выставе прадстаўлены партрэты і аўтапартрэты мастакоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Значную частку экспазіцыі складаюць работы, якія створаны ў мірны час як мастакамі – сведкамі вайны, так і мастакамі пасляваеннага перыяду: буйнафарматныя і шматфігурныя кампазіцыі, у якіх урачыста і драматычна гучаць вобразы вядомых і безыменных герояў, нялёгкія будні працоўных у тыле, смутак па загінуўшых. Звяртаючыся да ваеннага мінулага, аўтары адкрыта, пранікліва і пранізліва аднаўляюць трагедыю вайны. Натхнёныя перамогай мастакі адлюстроўваюць плынь жыцця пасляваеннага часу, навакольны свет ва ўсёй яго разнастайнасці: ад мажорных і ўзнёсла-рамантычных сюжэтаў аб аднаўленні краіны да поўных велічы і ўнутранай сілы пейзажаў роднага краю.
Экспазіцыйная прастора дапоўнена фотапартрэтамі мастакоў ваеннага часу з архіва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фота- і кінахронікай ваеннага часу з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Куратар выставы – Святлана Васільеўна Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст., сакуратар выставы – Анастасія Алегаўна Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст.