Зоя Літвінава. Знакі творчай волі

Зоя Літвінава. Знакі творчай волі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

19 снежня 2019 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё маштабнага выставачнага праекта “Знакі творчай волі” заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Зоі Васільеўны Літвінавай.

“Знакі творчай волі” ў Мастацкім – фінальны і, мабыць, самы важны акорд майстра ў выставачнай сюіце, што гучыць на працягу ўсяго года. Гледачы ўжо змаглі пазнаёміцца з некаторымі гранямі творчасці Зоі Літвінавай – яе акварэлі і малюнкі экспанаваліся на некалькіх арт-пляцоўках Мінска.

У чатырох залах Нацыянальнага мастацкага музея будзе прадстаўлена больш за сто жывапісных, графічных і акварэльных твораў з калекцыі музея і збору мастачкі, выкананых ёю пераважна за апошнія сорак гадоў. Экспазіцыю складуць як вядомыя хрэстаматыйныя палотны майстра, так і творы, якія ніколі раней не дэманстраваліся шырокай публіцы.

Зоя Літвінава прыйшла ў мастацтва ў перыяд росквіту “суровага стылю”. Яна прарабіла даволі доўгі, але неверагодна цікавы і насычаны шлях да той “Літвінавай”, якую сёння ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але далёка за яе межамі. Спачатку яна акумуліравала ва ўласнай творчасці многія тэндэнцыі савецкага мастацтва 60-х–70-х гадоў. Пры гэтым ёй удавалася быць нібы па-за напрамкам афіцыйных запытаў. Невыпадкова ў канцы 80-х Літвінава ўвайшла ў склад знакамітага творчага аб’яднання “Няміга'17”. Вытокі асаблівасцей творчага метаду Зоі Літвінавай шмат у чым можна звязаць з атрыманай ёю акадэмічнай адукацыяй, а таксама з засваеннем і пераасэнсаваннем мастацкіх практык Еўропы і Расіі першай паловы і сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Галоўнае ў яе творах – гэта пошук сябе, пошук колеру і пластыкі, кампазіцыі і прасторы. І жывапіс, і малюнак для майстра абсалютна непадзельныя, паколькі ўяўляюць сабой адзіны працэс фарміравання мастацкага вобраза. Пры гэтым,вынаходзячы ўласны свет форм, сімвалаў і знакаў, Літвінава ніколі да канца не парывала з натурай. Яна не раз падкрэслівала, што ў яе работ няма літаратурнага сюжэту, кожны павінен разгадаць таямніцу самастойна, асабіста для сябе.

Неад’емным элементам жывапісу Зоі Літвінавай стала золата. Прыклады мастакоў, якія ўжывалі ў творчасці дадзены матэрыял, у гісторыі мастацтваў можна знайсці нямала. У гэтым сэнсе Літвінава не з’яўляецца першаадкрывальніцай. Але тое, як яна гэта робіць і якое значэнне надае золату ва ўласных творах, – заслугоўвае ўвагі. Па-майстэрску ўключанае ў жывапісную канву палатна золата надае аўтарскім выявам дзіўнае, асаблівае гучанне. Бо па словах самой Зоі Літвінавай, галоўнае ў мастацтве – выраз ідэі і духоўнасці.

З аднаго боку, праект “Знакі творчай волі” можна назваць своеасаблівым падвядзеннем вынікаў мастацкай дзейнасці Зоі Літвінавай. У ім яна дэманструе максімальную відавую, жанравую і тэматычную поліфанію – “зрэз” усяго таго, што было ёю знойдзена, адкрыта і створана за шмат гадоў працы ў галіне станковага мастацтва. Але ў той жа час Зоя Літвінава – мастачка, якая і сёння працягвае плённа працаваць і сцвярджаць уласныя знакі творчай волі ў мастацтве. Таму пра які-небудзь фінал дзейнасці гэтага чалавека рэдкай сілы духу казаць рана. Зою Літвінаву заўсёды адрознівала і працягвае вылучаць высокая ўнутраная культура – і ў творчасці, і ў чалавечых адносінах. Яе мастацтва нясе на сабе адбітак моцнай творчай волі, а лепшыя творы працягваюць станавіцца сапраўднай актуальнай класікай беларускай культуры.

іншыя выставы
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў
Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30