Анатоль Анікейчык "Агонь душы і сэрца жар"

Анатоль Анікейчык "Агонь душы і сэрца жар"

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

3 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць выстава “Анатоль Анікейчык. Агонь душы і сэрца жар”. Экспанаванне выставы пройдзе да 17 красавіка 2022 года.

У 2022 годзе споўніцца 90 гадоў з дня нараджэння выбітнага беларускага майстра, самага маладога народнага мастака Беларусі (атрымаў званне ў 40 гадоў), скульптара, прафесара, педагога, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, ганаровага грамадзяніна г. Барысава, члена Саюза мастакоў БССР Анатоля Аляксандравіча Анікейчыка (11.07.1932, Барысаў – 03.02.1989, Мінск).

Анатоль Анікейчык – адзін з самых таленавітых, вядомых і прызнаных скульптараў, фігура знакавая для айчыннага мастацтва. Ён працаваў у час актыўнага фарміравання і развіцця нацыянальнай школы скульптуры і сам шмат у чым вызначыў лёс беларускай скульптурнай школы ў другой палове ХХ стагоддзя. Манументальныя і станковыя творы майстра характарызуюцца героіка-грамадзянскай змястоўнасцю і лірыка-паэтычнай трактоўкай вобразаў з мяккімі формамі і вытанчанымі контурамі.

Жыццёвы і творчы шлях майстра быў не вельмі доўгі, але яскравы і напружаны. Шматгранная асоба Анатоля Анікейчыка паўнаважка выявілася і ў мастацтве, і ў педагогіцы, і ў грамадскай дзейнасці. У галіне манументальнай і станковай скульптуры мастак пакінуў бясцэнную творчую спадчыну. Гэта і манументальна-мемарыяльныя комплексы (“Прарыў” ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці ў сааўтарстве з архітэктарамі Юрыем Градавым і Леанідам Левіным), і ландшафтныя кампазіцыі (помнік народнаму паэту БССР Янку Купалу ў сааўтарстве з Львом Гумілеўскім і Андрэем Заспіцкім), і станковыя творы (“Мінчанка”, “Вясна Перамогі”, “Ганна Ахматава”), і цэлая плеяда скульптараў наступнага пакалення (Святлана Гарбунова, Леанід Давідзенка, Аляксандр Мятліцкі, Уладзімір Слабодчыкаў), узгадаваная майстрам у сценах Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе ён выкладаў 30 гадоў.

Выстава Анатоля Анікейчыка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ахоплівае перыяды творчага жыцця майстра з 1960-х па 1980-я гады, з моманту заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута да апошніх дзён жыцця. На выставе прадстаўлена 15 твораў скульптуры з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, з калекцыі сям’і мастака, а таксама дакументы і фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і з сямейнага архіва. Дапаўняюць экспазіцыйную прастору жывапісны і графічны партрэты Анатоля Анікейчыка, створаныя яго калегамі па творчым цэху, з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Усе творы звязаны з асноўнымі этапамі шляху Анатоля Анікейчыка ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі мастацкіх пошукаў майстра. Але ж усё гэта толькі частка творчай спадчыны выбітнага скульптара, змешчаная у музейных зборах.