Барысаўскі хрустальны завод імя Ф. Э. Дзяржынскага

Барысаўскі хрустальны завод імя Ф. Э. Дзяржынскага

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

З 29 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава шкла Барысаўскага хрустальнага завода імя Ф. Э. Дзяржынскага. У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 твораў, якія ў асноўным адлюстроўваюць дзейнасць заводскай эксперыментальна-мастацкай лабараторыі з 1950-х гадоў да пачатку XXI стагоддзя.

Дзейнасць Барысаўскага хрустальнага завода імя Ф. Э. Дзяржынскага – адной са старэйшых вытворчасцей Беларусі – важная частка нацыянальнай мастацкай культуры.

Гісторыя прадпрыемства пачынаецца з канца XIX стагоддзя. Шкляныя гуты ў горадзе Барысаве Мінскай губерні вядомы з 1880-х гадоў. На іх аснове ў 1898 годзе мінскі купец Бэрка Кабанаў адкрывае сваю вытворчасць, якая ў пачатку XX стагоддзя пераходзіць ва ўласнасць інжынера Вільгельма Краеўскага і атрымлівае назву “Хрустальная фабрыка “Барысаў”. Хрусталь і бясколернае шкло фабрыкі “Барысаў” славіліся сваёй чысцінёй. Вырабы выконваліся гутным і прасаваным спосабамі, дэкарыраваліся траўленнем, алмазнай гранню, роспісам золатам і эмалямі, маціраваннем і рыфленнем. Прадукцыя фабрыкі распаўсюджвалася ўнутры Расійскай імперыі і далёка за яе межамі. У 1910 годзе Барысаўскі хрусталь быў удастоены медаля на выставе шкла ў Парыжы.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года “Хрустальная фабрыка “Барысаў” была нацыяналізавана, перайменавана ў “Барысаўскі шклозавод”, які перажыў усе нягоды грамадзянскай вайны. Новую прадукцыю шклозавод пачаў выпускаць з 1921 года. Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пачала рыхтаваць для завода кваліфікаваныя кадры шкловараў, выдзімальшчыкаў, шліфавальшчыкаў-алмазчыкаў. У 1938 годзе барысаўскія майстры вырабілі вялікія вазы і плафоны для афармлення Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве. Да 1940 завод выпускаў вырабы 320 відаў, якія экспартаваліся практычна па ўсім свеце.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Барысаўскі завод быў разбураны і зноў уступіў у строй у 1944 годзе. Прадпрыемства спецыялізавалася на выпуску мастацкага шкла. Акрамя прасаванага посуду барысаўскія майстры робяць дэкаратыўныя вазы з каляровага і бясколернага шкла, прадметы, дэкарыраваныя алмазнай гранню, выдзіманыя вырабы з накладнога шкла. У той жа час распрацоўваюцца новыя малюнкі і новыя прыёмы канструявання вырабаў.

шкло
шкло

У 1957 годзе на прадпрыемстве ствараецца эксперыментальная мастацкая лабараторыя, пачынаюць сваю творчую дзейнасць выхаванцы Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя В. І. Мухінай Антаніна Абрамава і Уладзімір Пракоф’еў. Пазней да іх далучыліся выпускнікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Пётр і Таццяна Арцёмавы, Раіса Клімковіч. З другой паловы ХХ ст. мастакі становяцца галоўнымі ўдзельнікамі вытворчага працэсу. Новыя мастацкія ідэі ўвасабляюцца ў вытворчасці масавых вырабаў, ва ўнікальных і маласерыйных творах.

У 1978 годзе ў сувязі з 80-гадовым юбілеем завод перайменаваны ў “Барысаўскі хрустальны завод імя Ф. Э. Дзяржынскага”.

З 1970-х гадоў пачаўся выпуск шкла, афарбаванага рэдказямельнымі элементамі. Дасканалыя па формах і прапорцыях прадметы з такога шкла прыцягваюць вытанчанасцю і прастатой дэкору. Багатая колеравая гама хрусталя і шкла пашырае магчымасці мастакоў у стварэнні ўнікальных і маласерыйных твораў. На заводзе распрацаваны разнастайныя матывы геаметрычных арнаментаў і сюжэтнай выяўленчай алмазнай грані. Посуд і аўтарскі хрусталь барысаўскіх мастакоў і майстроў пастаянна экспануюцца на ВДНГ СССР, на міжнародных кірмашах і выставах у Бельгіі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Канадзе, атрымліваюць прэстыжныя ўзнагароды ў Францыі (1977), у Італіі (1998).

У пачатку 2000-х Барысаўскі хрустальны завод імя Ф. Э. Дзяржынскага перажывае значныя цяжкасці. На жаль, меры для ажыўлення вытворчасці, у тым ліку і запуск новай тэхналагічнай лініі па вытворчасці вырабаў з медыцынскага шкла не прынеслі чаканага выніку. З 2013 года пачалася працэдура санацыі, а ў 2020 годзе ў дачыненні да завода была адкрыта ліквідацыйная вытворчасць.

Частка калекцыі заводскага музея, якая прадстаўляе значную гістарычную і мастацкую каштоўнасць і з’яўляецца самабытнай з’явай еўрапейскага мастацкага шкла, была перададзена на часовае захоўванне Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь і рэгулярна дэманструецца ў выставачных залах. У 2022 годзе прынята рашэнне аб перадачы гэтай часткі калекцыі ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь.

Работа выставы працягнецца 
да 27 чэрвеня 2022 года

Куратары выставы: старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст. Юлія Загорская, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Марыя Шугалей.

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30