Да 135-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала

Да 135-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

З 9 верасня 2022 г. у выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24) пачне працаваць выстава да 135-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала.

Францыя і Швейцарыя, Германія і Англія, ЗША і Ізраіль, Расія, роспіс плафона “Гранд-Опера” ў Парыжы, вітражы ў цэрквах Майнца, Цюрыха і Цьюдлі, у сінагозе ў Іерусаліме, мазаічныя пано для Нацыянальнай бібліятэкі ў Чыкага, тысячы палотнаў і графічных работ у музейных і прыватных зборах усіх кантынентаў. Яго творчасць, якая ўвабрала ў сябе самыя розныя культурныя традыцыі – хрысціянскую і іўдзейскую, заходнееўрапейскую і ўсходнеславянскую, нібы адзіны метатэкст, зразумелы жыхару любой краіны свету.

Беларуская культура адкрыла для сябе гэтае імя нанава адносна нядаўна, толькі ў 90-я гг. З ад’ездам мастака за мяжу ў 1922 годзе яго творчасць паступова стала пераходзіць у забыццё. У гэтым факце крыецца, мабыць, адна з прычын малой колькасці яго твораў у беларускіх зборах. Самая багатая калекцыя знаходзіцца ў Музеі Марка Шагала ў Віцебску (больш за 300 эстампаў), створаная шмат у чым дзякуючы шчодрым падарункам як сям’і мастака, так і асобных прыхільнікаў яго мастацтва. У рамках ініцыяванага Белгазпрамбанкам нацыянальнага гісторыка-культуралагічнага праекта толькі ў 2011–2012 гадах былі набыты першыя жывапісныя творы майстра.

Несумненна, ужо стала традыцый правядзенне юбілейных выстаў Марка Шагала ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. За 25 гадоў – гэта 5-я выстава. Цяпер яна прымеркавана да 135-годдзя майстра. Кожная з іх прыадчыняла для беларускага гледача розныя бакі творчасці мастака, то паглыбляючыся ў яго “міжземнаморскі перыяд”, то даследуючы яго досвед працы ў тэатры (“Марк Шагал і сцэна”) і інш.

Экспазіцыя, што перад вамі, прадстаўляе творы Марка Шагала з дзяржаўных і прыватных беларускіх збораў. Гэтая “сціплая” спадчына тым не менш ілюструе асноўныя класічныя матывы і тэмы паэтыкі Шагала, вобразныя “канстанты” яго мовы – “закаханыя”, “гадзіннікі”, “Віцебск”, “Парыж”, “Біблія”. У якасці аднаго з цэнтральных твораў выставы выступае анімацыйны фільм “Марк Шагал. Пачатак” (рэж. Алена Пяткевіч, 2016), які прадстаўляе своеасаблівае экраннае прачытанне біяграфічных сюжэтаў жыцця мастака.

У асобнай зале экспануецца серыя знакамітых афортаў – ілюстрацый да паэмы М. В. Гогаля “Мёртвыя душы”, дапоўненых творамі рускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, асацыятыўна звязаных з тым мастацкім светам, які стварае Шагал.

Дзякуючы сумесным намаганням розных інстытуцый (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей Марка Шагала ў Віцебску, ААТ “Белгазпрамбанк”, галерэя “Прадмесце”), што ласкава прадаставілі творы для экспазіцыі, стала магчымым стварэнне гэтага выставачнага праекта, які закранае вельмі важнае пытанне пра мастацкую спадчыну Марка Шагала ў Беларусі. Сёння мы можам з упэўненасцю адзначыць, што гэты фонд яшчэ толькі фарміруецца і яго трэба будзе развіваць у будучым.

Куратар выставы Кацярына Калянкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Работа выставы працягнецца 
да 11 снежня 2022 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30