Ёсць дзівосны край...

Ёсць дзівосны край...

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 22 верасня 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава “Ёсць дзівосны край…” Італьянскія шэдэўры з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”.

Збор твораў італьянскіх майстроў XVI–XX стагоддзяў у калекцыі еўрапейскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца адным з найбольш значных як па якасці, так і колькасці экспанатаў. Ён уключае ў сябе нямала цікавых жывапісных, графічных і скульптурных твораў, на прыкладзе якіх можна прадэманстраваць развіццё італьянскага выяўленчага мастацтва ад эпохі Адраджэння да нашых дзён, паказаць характэрныя творы розных стыляў і мясцовых мастацкіх школ.

З жывапісам Італіі XVI–XVIII стагоддзяў у калекцыі музея знаёмяць карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты, а таксама партрэты. Адно з лепшых палотнаў калекцыі – “Партрэт невядомага з пісьмом” пэндзля невядомага венецыянскага мастака другой паловы XVI стагоддзя, які належыць колу аднаго з найбуйнейшых майстроў эпохі позняга Рэнесанса Тынтарэта (Якопа Рабусці, 1519–1594). Важную частку калекцыі складаюць творы караваджыстаў – паслядоўнікаў вялікага італьянскага мастака Мікеланджэла Мерызі да Караваджа (1571–1610), напрыклад, палотны венецыянскіх жывапісцаў – “Выкрыццё Адысея” Антоніа Дзанкі (1631–1722), “Ап’яненне Ноя” і “Ісаак, які благаслаўляе Іакава” Антоніа Малінары (1655–1704). Гонарам калекцыі з’яўляецца жывапіснае палатно “Міфалагічны сюжэт (“Музыканты”)” рымскага мастака Джыралама Тропы (1636–1711) – адзіны твор майстра ў музейных зборах на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

З балонскай школай XVII стагоддзя знаёміць “Мадонна з дзіцем”, якая прыпісваецца пэндзлю вядомага жывапісца і малявальшчыка Джавані Франчэска Барб’еры, празванага Гверчына (1591–1666).

Сярод твораў італьянскіх скульптараў асаблівай увагі заслугоўвае мармуровая статуя “Юнона”, выкананая ў 1716–1717 гадах венецыянскім майстрам Антоніа Тарсія (1662–1739). Скульптура ўваходзіла ў серыю з шасці фігур антычных багоў, дасланую графам Савам Лукічом Уладзіславіча-Рагузінскім (1668/1669–1738) – агентам Пятра Вялікага (1672–1725) у Венецыі ў 1716–1722 гадах. У XVIII стагоддзі статуя знаходзілася ў Летнім садзе, пазней – у Таўрычаскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.

Найбольш поўна прадстаўлены ў калекцыі працы італьянскіх скульптараў XIX стагоддзя – Джавані Андэрліні (1821–1907), Энрыка Брага (1841–1919), Эрнэста Эрметэ Гацэры (1866–1965).

З італьянскага школай гравюры ў калекцыі музея знаёмяць пераважна творы майстроў XVIII – першай паловы XIX стагоддзя. Гонарам калекцыі з’яўляюцца аркушы з серыі Loggie di Raffaello nel Vaticano (“Лоджыі Рафаэля ў Ватыкане”), створанай у 1772–1777 гадах Джавані Атавіяні (каля 1735–1808) і Джавані Трэвізанам Вальпата (каля 1735–1803), а таксама гравюры Вальпата з серыі Stanze di Raffaello nel Vaticano (“Станцы Рафаэля ў Ватыкане”, канец 1770-х – пачатак 1780-х гадоў), якія прадстаўляюць частку роспісаў знакамітых Лоджый і апартаментаў папы рымскага (Станцы) у Ватыканскім палацы, створаных Рафаэлем Санці і яго вучнямі ў 1508–1519 гадах.

У зборы італьянскай гравюры асаблівай увагі заслугоўваюць разрозненыя аркушы з выдання L’Etruria Pittrice ovvero Storia della Pittura Toscana Dedotta Dai Suoi Monumenti Che si Esibiscono in stampa dal secolo X.Fino al Presente (“Этрурыя мастацкая, або Гісторыя жывапісу Тасканы, заснаваная на яе помніках, прадстаўленых у гравюры, з X стагоддзя да нашых дзён”), апублікаванага ў двух тамах у 1791 г. і 1795 гадах у Фларэнцыі. Эстампы фаліянта з’яўляюцца прыкладам еўрапейскай друкаванай графікі XVIII стагоддзя высокай якасці, дэманструючы віртуознасць і прафесіяналізм італьянскіх майстроў разца.

Выстава не толькі дазволіць больш паглыблена пазнаёміцца з калекцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, убачыць творы італьянскіх майстроў XVI–XIX стагоддзяў, але і здзейсніць своеасаблівую “вандроўку”, бо Італія ўваходзіла ў маршрут так званага гран-тура (фр. Grand Tour – “вялікае падарожжа”) – працяглага падарожжа, якое чынілі ў адукацыйных мэтах сыны еўрапейскіх арыстакратаў і багатых буржуа. Менавіта ў Італію – калыску Адраджэння і “галоўны музей свету” – накіроўваліся пенсіянеры і стыпендыяты еўрапейскіх Акадэмій мастацтваў і школ мастацтва. Вялікая спадчына Італіі, яе мяккі клімат, багацце сонца, нацыянальны каларыт – усё гэта, разам узятае, спрадвеку прыцягвала філосафаў і паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў з розных куткоў Еўропы і свету ў цэлым. А Рым, што з’яўляўся цэнтрам унікальных помнікаў і твораў мастацтва розных эпох і стыляў, стаў сапраўднай “Акадэміяй Еўропы”, яе галоўным навучальным цэнтрам на многія стагоддзі. Тут адбываліся сустрэчы і творчыя зносіны мастакоў розных школ і напрамкаў. Тут стваралася гісторыя сусветнага мастацтва. 

Экспазіцыю твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з калекцыі музея арганічна дапоўніць дзіўны фотапраект “[Ня]бачныя плошчы” (куратар выставы Марка Дэлогу), прадстаўлены Пасольствам Італіі ў Рэспубліцы Беларусь. Аўтарскія фатаграфіі, створаныя ў першыя дні лакдаўна 2020 года і дапоўненыя кароткімі арыгінальнымі тэкстамі італьянскіх пісьменнікаў, прадстаўляюць краявіды двух дзясяткаў плошчаў італьянскіх гарадоў, ствараючы пранікнёныя вобразы і паказваючы саму сутнасць выдатных і велічных у сваёй вымушанай адзіноце гарадскіх месцаў.

Частка твораў, прадстаўленых на выставе, экспануецца ўпершыню.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні