Алена Васільеўна сама выбрала яго сваім пераемнікам, бо была пераканана, што гэта менавіта той чалавек, які працягне яе справу і прынясе карысць музею. І яна не памылілася. Юрый Аляксандравіч Карачун быў прызначаны дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР 12 снежня 1977 года.Ён стаў сапраўдным музейшчыкам, годна працягнуў справу Алены Васільеўны Аладавай і ўнёс свой уклад у далейшае развіццё музея.У тыя гады, што ён кіраваў музеем, адбылося шмат важных падзей – музей ператварыўся ў буйны музейны комплекс з філіяламі, пачалося будаўніцтва прыбудовы да галоўнага корпуса музея, інтэнсіўна раслі музейныя калекцыі, выдаваліся каталогі, альбомы і г. д.
Валодаючы якасцямі кіраўніка і арганізатара, Юрый Аляксандравіч быў натурай творчай і не проста прафесійным мастаком, а мастаком па сваім характары, сваёй сутнасці. У 1947–1952 гадах ён вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава. У 1965 годзе скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта афармлення кнігі Маскоўскага паліграфічнага інстытута і атрымаў дыплом мастака-графіка. За мастацкае афармленне кніг Ю. А. Карачун не раз атрымліваў дыпломы і ў Беларусі, і ў Расіі, а таксама быў удастоены бронзавага медаля ВДНГ СССР. Работы Ю. А. Карачуна захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Літаратурным музеі Якуба Коласа.
Творчасць Юрыя Карачуна адрозніваецца сардэчнасцю, шчырасцю, лірызмам. У творчай спадчыне мастака шмат акварэляў, малюнкаў, якія экспанаваліся на яго персанальных выставах у музеі і раней. Аднак на гэтай юбілейнай выставе, акрамя графічных работ, упершыню паказаны карціны, эцюды, выкананыя алейнымі фарбамі, прадстаўленыя сям’ёй мастака. Экспануюцца творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, сям’і мастака, а таксама з прыватнай калекцыі.