Калі мы былі дзецьмі

Калі мы былі дзецьмі

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

1 верасня 2023 года а 15-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі беларускіх мастакоў ХХ–ХХІ стст. з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Калі мы былі дзецьмі”.

Добрай традыцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўленне найбольш яркіх і паспяховых выставачных праектаў, якія прайшлі ў музеі, у сваім філіяле – Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве. Не выключэннем стала і выстава “Калі мы былі дзецьмі”. У экспазіцыі будзе прадстаўлена звыш 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі беларускіх майстроў XX–XXI стст. і адзін твор рускага мастака-графіка XX ст. Яўгена Кацмана са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Калі мы былі дзецьмі, увесь свет быў як адкрытая кніга. Дрэвы здаваліся вышэйшымі, трава зелянейшай, марожанае больш салодкім... Мы стваралі свет сілай уяўлення. Сонца, круглае, як мяч, і жоўтае, як лімон, залівала сваім бляскам неба і ўсё наваколле. Месяц разрэзваў густыя аблокі, нібы карабель хвалі. Нам мроіліся далёкія падарожжы, невядомыя краіны. Кожнае імгненне мы маглі стаць героямі і адкрывальнікамі свайго багатага на падзеі жыцця і яго магчымасцей.

Цудоўнай і невычэрпнай тэмай сусветнага мастацтва з’яўляюцца дзіцячыя вобразы. Кожная эпоха стварае свой канон адлюстравання дзіцяці і дае сваю захапляльную справаздачу аб сталенні. Так, у XVIII стагоддзі мастакі рэдка робяць выявы дзяцей і гэтыя выявы носяць пераважна саслоўны характар. Абцяжараныя з нараджэння рэгаліямі і тытуламі нашчадкі правіцеляў і вяльможаў паўстаюць маленькімі дарослымі, або “дарослымі” дзецьмі, якіх мастакі наўмысна састарваюць. У партрэтах сентыменталістаў мяжы XVIII–XIX стагоддзяў дзіцячыя твары нават з усмешкай на вуснах выглядаюць застылымі і ненатуральнымі.А мода апранаць маленькіх дзяцей у сукенку незалежна ад полу прымушае часам задумацца – перад намі хлопчык ці дзяўчынка. Адкрываць дзяцінства, усведамляючы яго ўнікальнасць і непаўторнасць, пачынаюць у XIX стагоддзі рамантыкі. Але нягледзячы на шырокую гаму пачуццяў – ад усмешкі і здзіўлення да збянтэжанасці і перажывання – адлюстраванні іх дзяцей некалькі ідэалізаваныя. У другой палове XIX стагоддзя шматлікія творы маюць выкрывальную скіраванасць: рэалісты дэманструюць неабароненасць і слабасць дзяцей сялян, гарадской беднаты і разначыннай інтэлігенцыі. На мяжы XIX–XX стагоддзяў мастацтва адводзіць дзецям адно з найважнейшых месцаў. Складваецца асаблівая “дзіцячая цывілізацыя” не толькі з кранальнай любоўю, але і з павагай да дзіцяці як да асобы.

1
Анатоль Валянцінавіч Волкаў. 1908–1985 Першае верасня. 1950 Палатно, алей
1
Міхаіл Вікенцьевіч Рагалевіч. 1932–2010 “Спі, малыш!”. 1969–1979 Палатно, алей
1
Аляксандр Раманавіч Захараў. 1925–2017 Сям’я. 1965 Папера, лінагравюра
1
Яўген Аляксандравіч Кацман. 1890–1976 Умелыя рукі. 1953 Папера, пастэль
1
Міхаіл Веніямінавіч Бяляеў. 1922–2002 Дзяўчынка на каменьчыку. 1963. Мінскі фарфоравы завод Фарфор, роспіс
1
Вольга Алегаўна Орсік. Нар. 1986 Трайняты. 2019 Бронза
1
Вадзім Аркадзьевіч Качан. Нар. 1958 Дзеці ў салдацкіх пілотках у двары дома па вул. Мяснікова, 35. Мінск. 1987 З серыі “Мінскія дворыкі” Архіўны друк
1
Вадзім Аркадзьевіч Качан. Нар. 1958 Праводзіны зімы (Масленіца) у парку Максіма Горкага ў Мінску. 1986 З серыі “Жанравыя здымкі” Архіўны друк
1
Яўген Ільіч Жылін. 1939–2019 Лета. 1972 Рэпрадукцыя Арыгінал (папера, акварэль) у фондах музея
1
Мікалай Канстанцінавіч Казакевіч. 1934–2021 Юнацтва. 1971 Палатно, алей

Выставачны праект “Калі мы былі дзецьмі” з дапамогай красамоўных вобразаў ілюструе ранняе жыццё чалавека – ад нараджэння да паўналецця, тую бясконцую радасць, любоў, надзею, даверлівасць, хараство, гуллівасць, летуценнасць, уласцівыя адчуванню шчаслівага дзяцінства. Беларускія майстры ХХ–XXI стагоддзяў у сваіх творах адлюстроўваюць асабіста перажыты вопыт дзяцінства і дэманструюць уяўленне пра дзяцінства эпохі, калі яны жылі і стваралі і дзе праходзіла дзяцінства ўжо іх дзяцей. Гэта той свет рэчаў, гукаў, імёнаў, падзей, які сфарміраваў светапогляд некалькіх пакаленняў. Тэматычная выстава ахоплівае перыяд з пачатку ХХ стагоддзя па першую чвэрць XXI стагоддзя – ад жывапіснага партрэта Юдэля Пэна 1903 года да скульптурнай кампазіцыі Вольгі Орсік 2019 года, ад фарфоравай статуэткі Міхаіла Бяляева 1963 года да фатаграфічных серый Вадзіма Качана 1980-х гадоў, у асноўным ствараючы вобраз савецкага дзяцінства 1950–1960-х гадоў.

“Устаноўка на шчасце” і жаданне яго стварэння сталі характэрнай рысай пакалення, якое паспела трапіць на вайну, і тых, хто быў яшчэ вельмі малы, але марыў адправіцца на фронт. Таму свет савецкага дзяцінства стаў адлюстраваннем не толькі рэальнага жыцця, але і ідэалогіі. Яго напаўнялі новыя грамадскія тыпы піянера, санітаркі,лётчыка, пагранічніка і г. д. У 1950-х гадах расло пакаленне, чые прадстаўнікі ўжо не былі сучаснікамі эпохі вялікай мары (1935–1940) з яе наіўнымі надзеямі і энтузіязмам. Гэтыя дзеці жылі сярод адгалоскаў нядаўняй вайны, барацьбы з усім замежным і сярод захапляльных тэхнічных навінак. Дзіцячы свет гэтага часу быў “траістым”: сям’я, школа, двор. Само паняцце “двор” з’яўлялася катэгорыяй свядомасці, нейкай запаведнай тэрыторыяй, якая ўключала не толькі двор каля дома, але і шлях у школу, прылеглыя завулкі, прахадныя і школьныя двары. Унутры гэтай “краіны” існавалі фігуры-знакі, якія вызначалі межы і ідэалы быцця: сябры, самая прыгожая дзяўчынка, самы смелы хлопчык, высокі худы стары, пра якога гаварылі, што ён “былы”, ардэнаносец з акардэонам... Грамадскія і педагагічныя ўстаноўкі спрыялі аб’яднанню падлеткаў, іх захопленасці агульнай справай. Школьныя таварышы, юныя закаханыя мелі падобныя інтарэсы і памкненні. Узімку месцам сустрэч і знаёмстваў станавіліся каткі. Улетку мара перамяшчалася ў вёску і піянерскія лагеры. Гукавы фон жыцця вызначаў голас дыктара, які заклікаў на ранішнюю зарадку, адсюль устаноўка на гартаванне і здаровы лад жыцця з малых гадоў, раўнамерныя ўдары аб асфальт скакалкі, праз якую спрытна і весела скакалі дзяўчынкі, “класікі”, “гарадкі”, футбол, хакей... Мазаіка штодзённасці мела выразныя абрысы, жыццё было ясным і ўтульным.

Беларуская савецкая школа выяўленчага мастацтва грунтавалася на лепшых дасягненнях мастацтва другой паловы ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. Майстры цудоўна валодаюць малюнкам, віртуозна перадаюць форму і колер, працягваючы традыцыі рэалістычнай школы. Мастакі безумоўна закаханы ў свае мадэлі, таму героі кранальныя і непасрэдныя, са сваім характарам і сваімі інтарэсамі, са сваім унутраным светам і настроем. У творах усё працята любоўю і цяплом, адчуваннем шчасця і аптымізму, адсюль звонкасць каларыту і зіхаценне фарбаў, лёгкая і плаўная цякучасць форм. Майстры здолелі ўбачыць дзіцячую захопленасць і радасць успрымання жыцця, зачараванне ім, тое, што ўжо ніколі не паўторыцца ў абцяжараным трывогамі і клопатамі дарослым жыцці.

 

Куратар выставы – Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь; сакуратар – Вольга Чарняўская, старшы навуковы супрацоўнік філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі” ў г. Магілёве.

Экспанаванне выставы пройдзе 
з 1 верасня па 17 снежня 2023 года

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30