Кастусь Шаранговіч. Наўспамін

Кастусь Шаранговіч. Наўспамін

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 13 кастрычніка 2021 ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь экспануецца выстава “Кастусь Шаранговіч. Наўспамін. Да 65-годдзя з дня нараджэння”, прысвечанай 65-годдзю Канстанціна Шаранговіча, выдатнага графіка, ілюстратара, педагога, мастака.

Творчая спадчына Канстанціна Шаранговіча надзвычай разнастайная: станковыя графічныя серыі, ілюстрацыі і вокладкі да часопісаў і кніг – аповесцяў беларускіх і замежных пісьменнікаў, дзіцячых казак, а таксама малюнкі, аўтапартрэты, шаржы. Таленавіты графік, майстар каларытных партрэтаў, адмысловы малявальшчык, выкладчык, як кажуць, ад Бога…

Лінію ён адчуваў як дыхаў, характары перадаваў з неверагоднай эмацыянальнасцю і вастрынёй. У яго работах ёсць тонкасць прапрацоўкі дэталяў, дасканаласць кампазіцыі, амаль скульптурная манументальнасць вобразаў. А галоўнае – экспрэсія, пачуццёвасць і шчырасць сапраўднага творцы.

У гэтым годзе Канстанціну Шаранговічу споўнілася б 65 гадоў. А нарадзіўся ён у 1956-м. Перавертыш лічбаў толькі падкрэслівае несправядлівасць лёсу: самы малодшы ў сям’і – паследак, а ў апошні шлях праводзіў яго брат Васіль, старэйшы за яго аж на 17 гадоў.

Менавіта Васіль Шаранговіч прывёў Канстанціна ў мастацтва. Перавёз з Латвіі, дзе на той час жылі іх бацькі, у Беларусь. Падрыхтоўка да паступлення ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя І. Ахрэмчыка. Канстанцін марыў аб скульптуры, але абставіны склаліся так, што ён стаў графікам…

Дыпломная работа – ілюстрацыі да рамана І. Мележа “Подых навальніцы”, а таксама зроблены пазней “Партрэт маці” – і сёння адметная з’ява ў мастацтве. Бліскучае валоданне вельмі складанай тэхнікай “сухой іголкі”. Вострая дынамічная кампазіцыя, пазбаўленая шматслоўнасці, лепка аб’ёмаў буйнымі штрыхамі, якая падкрэслівае іх ледзь не скульптурную манументальнасць. Але галоўнае – характары герояў, такія яркія, напружаныя, трагічныя і вельмі выразныя.

Асобная старонка творчасці Канстанціна Шаранговіча – ілюстрацыі. У 1980–1990-х гадах выйшлі дзясяткі кніг з яго афармленнем з серыі прыгод і фантастыкі ў розных беларускіх выдавецтвах. Малюнкі зроблены са шчырай непасрэднасцю і прафесійнай адказнасцю. Так мастак падыходзіў да ўсяго – да сяброўскіх шаржаў і аўтапартрэтаў, хуткіх алоўкавых замалёвак сяброў. Ён жыў “сярод людзей і з людзьмі”, як трапна гаварыў яго бацька Пётр Шаранговіч, вясковы каваль. Жыў з задавальненнем ад жыцця, з адкрытым сэрцам...

Канстанціна няма з намі ўжо сем гадоў. І мы сёння згадваем яго са светлым сумам. Няскончаны спеў... Нерэалізаваны на ўсю моц талент...

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • 223054, Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні