Класіка і этнамадэрн Віктара Маркаўца. Жывапіс

Класіка і этнамадэрн Віктара Маркаўца. Жывапіс

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

4 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца персанальная выстава Віктара Маркаўца “Класіка і этнамадэрн”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 30 жывапісных твораў мастака.

Віктар Пятровіч Маркавец (1947–2013) належыць да тых айчынных мастакоў і дзеячаў мастацтва, заахвочвальным матывам творчасці якіх была цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культуры, фарміравання, развіцця нацыянальнага стылю. Ураджэнец Докшыц, ён рос у асяроддзі “нацыянальнага космасу” – людзей, іх узаемаадносін, спраў, побыту, народнага мастацтва.

У 1980 годзе за шэраг карцін мастак быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола – і гэта было прызнаннем сапраўднага поспеху маладога майстра, які стварыў кампазіцыі, што гарманічна спалучаюць у сабе лірыку, рамантызм, эпічны кампанент і не пазбаўлены драматычнага падтэксту.

Партрэт, пейзаж, нацюрморт, карціна – ва ўсіх жанрах станковага жывапісу Віктар Маркавец, вучань народнага мастака Беларусі І.В. Ахрэмчыка, стварыў выдатныя творы, сказаў сваё, часам унікальнае, слова. Але гэтымі рамкамі яго творчасць не абмяжоўвалася. Майстар пакінуў яркі след і ў галіне адроджанага традыцыйнага народнага маляванага дывана, так званай “маляванкі”, напісаўшы немалую колькасць разнапланавых работ падобнага кшталту на мяжы традыцыйнага і прафесійнага, станковага і прыкладнога мастацтваў.

Незвычайным вопытам злучэння філасофскай думкі і станковага жывапісу з’яўляецца шэраг праектаў Віктара Маркаўца і Алеся Разанава пачатку 1990-х гадоў. Арыгінальныя кампазіцыі, якія злучаюць абстрактны і выяўленчы пачаткі, уяўляюць сабой візуалізацыю ідэй, эмоцый, сумяшчаючы часам парадаксальна філасофскае і жыццёвае, агульначалавечае і нацыянальнае.

Вянчае разнастайныя праявы мастацкага, паэтычнага, педагагічнага дару Віктара Пятровіча Маркаўца работа па роспісе цэркваў у Докшыцах, вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна, старажытным Заслаўі, дзе майстар пражыў апошнія 25 гадоў.

Персанальныя выставы мастака праходзілі ў Беларусі, Польшчы, ЗША.

Віктар Пятровіч Маркавец нарадзіўся 5 жніўня 1947 года ў горадзе Докшыцы Віцебскай вобласці. У 1971 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. З 1971 года ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і замежных мастацкіх выставах. У 1977 годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, галерэі М. Савіцкага, Музеі-запаведніку “Заслаўе”, літаратурных музеях Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, у Беларускім музеі ў Гайнаўцы, Надвіслянскім музеі ў Казімежы-Дольным (Польшча), прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Амерыкі.

іншыя выставы
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя
Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў
Расія – Беларусь. Скрыжаванне лесаў

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30