Кола жыцця. Абрусы Вольгі Паўленка

Кола жыцця. Абрусы Вольгі Паўленка

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

Перад вамі – дзіўныя, казачныя творы народнага майстра Вольгі Елісееўны Паўленка (1919–2008). Даследчыкі называюць яе феноменам, “народным Мацісам”, “інтуітыўнай авангардысткай”.

Былая сельская настаўніца з вёскі Кісялі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці Вольга Елісееўна, калі ёй было ўжо за 70 гадоў, пачала займацца мастацкім тэстылем у Мінску, у сям’і дачкі, мастачкі Марыі Ісаёнак, якая паказала ёй некалькі прыёмаў вязання кручком. На працягу апошніх 15 гадоў жыцця яна стварыла больш за 70 разнастайных твораў, працуючы захоплена, часам забываючы пра сон і адпачынк. Яе гэта так захапіла, што дня не хапала на ажыццяўленне задуманага. Кожнай рэчы, якая выйшла з-пад яе рук, яна надавала паэтычную вобразную назву. Многія вясковыя жанчыны з нараджэння маюць таленты да творчасці. У Вольгі Паўленка адчуваецца глыбінная сувязь з майстрыхамі-ткачыхамі посцілак і дываноў Віцебшчыны, якія зроблены ў тэхніцы пераборнага ткацтва. Простыя кампазіцыі, контурныя сілуэты геаметрычных матываў, мазаічная гульня з рознакаляровымі элементамі дэкору, свабоднае, але спарадкаванае каларыстычнае рашэнне – усё гэта характэрна для традыцыйнага народнага ткацтва Віцебшчыны, якое яна ўвабрала на ўзроўні генетычнай памяці. Але ў сваіх творах майстрыха здолела адлюстраваць асабістыя думкі і пачуцці, свой лёс.

У народнай культуры, стваральнай і пазітыўнай, заўсёды прысутнічаюць чырвоны, жоўты і сіні колеры. У Вольгі Паўленка гэтыя сакральныя колеры ператварыліся ў “квітнеючыя палі”. Такая стваральная сіла натхняе – немагчыма не ўсміхацца і радавацца, палыбіўшыся ў гэты калейдаскоп фарбаў. Яна фантастычным чынам злучыла ў сваёй творчасці два пачаткі: геаметрыю і маляўнічасць, строгасць і каларыт.

Каляровыя карункі Вольгі Паўленка лёгка маштабуюцца – становяцца то большымі, то меншымі. Яе гульня з маштабам дзіўная, гульня геаметрыі зачароўвае. У ёй ёсць унутраная смеласць і абсалютнае прыроднае пачуццё рытму, мернасці, ладу. І гэты лад дзіўны ва ўсіх яе рэчах – творах мастацтва – незвычайнай смеласці. Вольга Елісееўна вязала абрусы, якія па сутнасці з’яўляліся абстрактнымі карцінамі ў тэкстылі. Калі б мы зараз побач павесілі постэры шэдэўраў еўрапейскага авангарда, то невядома, што па дынаміцы, унутранай гармоніі і дзёрзкасці колеру, крэпасці і цвярозасці перамагло б.

(Па артыкулах Марыі Ісаёнак, Марыі Віннікавай, Алены Уласавай)

Куратар – Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень