Для беларускай культуры адным са знакавых колераў з’яўляецца чырвоны. Яго прысутнасць у шырокім спектры твораў нацыянальнага мастацтва, дзе гарманічна перапляліся традыцыі розных этнасаў, канфесій, стыляў і напрамкаў, гаворыць як пра яго архетыпічную ўніверсальнасць, так і пра багатыя асацыятыўныя магчымасці. Выставачны праект “Чырвоны – код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада” ставіць сваёй задачай рэпрэзентаваць значнасць і полісемантычную вобразнасць чырвонага колеру ў беларускай культуры.
Чырвоны складана паддаецца дакладнай сэнсавай расшыфроўцы і дыферэнцыяцыі. У залежнасці ад кантэксту або адцення ён можа прымаць дыяметральна супрацьлеглыя значэнні; так, у роўнай ступені, а часам і ў адным творы ён выступае ў якасці сімвала кахання і нянавісці, жыцця і смерці, надзеі і пакуты, абароны і небяспекі, чароўнага і дэманічнага. Гэтая варыятыўнасць абумоўлена тым, што чырвоны – адзін з самых старажытных колераў, які пачаў выкарыстоўваць чалавек у розных сферах свайго жыцця: духоўнага, сацыяльнага, палітычнага. На працягу некалькіх тысячагоддзяў міжкультурных абменаў гэты колер здолеў назапасіць багаты сімвалічны дыяпазон значэнняў. Па гэтай прычыне дастаткова не проста зафіксаваць тонкія нюансы пераходу ад эстэтычнай функцыі чырвонага да сімвалічнага яго значэння ў творы мастацтва. Цяжка вызначыць, дзе майстар II стагоддзя нашай эры ўяўляў межы эстэтычнага і рэлігійна-сімвалічнага характару, ствараючы бронзавыя падвескі з чырвонымі эмалямі, якія, магчыма, сімвалізавалі жывую і апатрапейную сілу. Ды і наогул ці існавалі такія межы ў свядомасці старажытных майстроў? Тая ж сітуацыя назіраецца ў хрысціянскім мастацтве, калі на абразе пралітая кроў пакутнікаў сімвалічна выяўляецца праз мастацкасць чырвонага адзення, роўна як і атрыбуты спадчыннай арыстакратычнай улады праз захаваныя на сармацкіх партрэтах геральдычныя чырвоныя шчыты і выпісаныя чырвоныя элементы верхняга адзення – кунтуша. Гэтую амбівалентнасць чырвонага можна прасачыць у дзясятках твораў, прадстаўленых на выставе, – ад старажытнабеларускага да сучаснага актуальнага мастацтва. Экспазіцыя пабудавана ў форме “дыялогу” твораў розных эпох, відаў і стылістычных кірункаў, дзе чырвоны колер успрымаецца з пазіцый сакральнасці, эстэтыкі і ўлады, дэманструючы шматвяковы вопыт асэнсавання карціны свету і спосаб самапазнання нашага народа.
Куратар выставы старшы навуковы супрацоўнік Дзмітрый Салодкі