Леанід Хобатаў. Жывапіс

Леанід Хобатаў. Жывапіс

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 24 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе дэманстравацца выставачны праект беларускага жывапісца Леаніда Васільевіча Хобатава (нар. 1950). На выстаўцы прадстаўлена каля 30 твораў жывапісу з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў і калекцыі аўтара.

Леанід Хобатаў належыць да надзвычай яркай генерацыі мастакоў, якія з сярэдзіны 1980-х гг. змянялі мастацкую прастору Беларусі, сцвярджалі новыя каштоўнасці ў мастацтве і творчыя стратэгіі.

Выхаванец беларускай манументальнай школы, вучань Гаўрыіла Вашчанкі, з першых творчых крокаў Леанід Хобатаў імкнуўся да стварэння абагуленага мастацкага вобраза выразнай пластычнай мовай. Вытокі яго творчага стылю звязваюць мастака з засваеннем і пераасэнсаваннем мастацкіх практык пачатку – сярэдзіны ХХ ст. Творчы шлях Леаніда Хобатава быў вельмі насычаны, адным з яркіх манументальных аб’ектаў стала аздабленне станцыі метро “Няміга”. Але хутка ён цалкам захапіўся жывапісам, у якім сцвярджаў лепку жывапіснай формы і адначасова яе спрашчэнне.

Гэта была тэндэнцыя, што знаходзілася па-за рамкамі агульнай плыні тагачаснага афіцыйнага мастацтва. Невыпадкова Леанід Хобатаў у канцы 1980-х стаў адным з ініцыятараў стварэння знакамітага мастацкага аб’яднання “Няміга-17”. Удзельнікі гэтага аб’яднання ў сваім імкненні па-новаму выказаць жыццё не прымалі натуралістычнага праўдападабенства ў творчасці, імкнуліся да перадачы не знешняй формы з’явы або прадмета, а яго сутнасці, уяўленні аб ім. І шлях абагульнення формы прадмета, а значыць, і спрашчэння, здаваўся ім шматабяцальным.

Спробы вербальнай інтэрпрэтацыі сюжэтаў работ Леаніда Хобатава часта не прыводзяць да жаданага выніку. Яго жывапісныя палотны асацыятыўныя, метафарычныя, іх успрымаеш не праз сюжэт, а праз экспрэсіўны, пластычна багаты жывапіс. Аднак натура – чалавек, прадмет, прырода – заўжды перадумова стварэння Леанідам Хобатавым мастацкага вобраза. Адпраўной кропкай для мастака з’яўляецца рэальнасць, успрыманне яе на пачуццёвым узроўні, досвед убачанай выявы здабывае знакавую рэфлексію, адлюстроўваючыся на палатне ў выглядзе абстрактных, з першага погляду, але рэальна-канкрэтных постацяў.

Чым вабіць жывапіс Леаніда Хобатава? У ім няма адточанай выявы, адпрацаванай перспектывы, дбайнага паўтонавага мадэлявання. Мастак свядома імкнецца адысці ад “правільнасці”. Выяўленчая пластыка яго палотнаў будуецца на супрацьпастаўленні нерухомасці натуры і ўражанні руху жывапісу. Для творцы гэта быў шматгадовы пошук новай універсальнай жывапіснай мовы, якой ён імкнуўся, пазбегнуўшы ілюзорнасці, перадаць шматмернасць і сінтэтычнасць свету, выказаўшы пластычна яго заканамернасці. І мэта яго творчых пошукаў складаецца не ў штучнай гармоніі, а ў гармоніі па законах самой прыроды. Сезан пра гэта казаў – “гармонія, паралельная натуры”.

Палотны Леаніда Хобатава як жывая колеравая тканіна, а пластычныя падзеі ўзнікаюць з глыбіняў прасторы: не святло, а светланоснасць колеру. Ёсць кампазіцыйная ўстойлівасць, але адначасова і адмова ад імкнення перадаць фізічную прывабнасць прадмета, цела, якое становіцца чыста жывапіснай субстанцыяй, існуе ў трохмернай прасторы.

У экспазіцыі прадстаўлена шмат праграмных, вядомых работ аўтара, напісаных у розныя гады. Але выставу нельга назваць падвядзеннем вынікаў мастацкай дзейнасці Леаніда Хобатава. Хутчэй – гэта сцвярджэнне яго актыўнасці ў сучасным мастацкім працэсе. Новыя работы мастака, як і раней, вызвалены ад напластаванняў літаратурнасці, салоннасці, туманнага сімвалізму. Яго творчасць нясе ў сабе пячатку моцнай творчай волі аўтара, а работы працягваюць заставацца сапраўднай актуальнай класікай беларускай культуры.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30