Мікалай Аўчыннікаў “Прыцяжэнне”

Мікалай Аўчыннікаў “Прыцяжэнне”

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 4 лютага 2023 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працаваць персанальная выстава Мікалая Аўчыннікава “Прыцяжэнне”, прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння мастака. У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 40 твораў з майстэрні аўтара.

Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў – адзін з самых вядомых сучасных беларускіх мастакоў, яго імя добра ведаюць аматары выяўленчага мастацтва як у Беларусі, так і за яе межамі. Адзін з самых яркіх прадстаўнікоў маладзечанскай творчай супольнасці, якая займае бачнае месца ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва XX–XXI стагоддзяў і звязана з імёнамі такіх майстроў, як Я. І. Раздзялоўская, Д. М. Крачкоўскі, К. І. Харашэвіч, Ю. П. Герасіменка-Жызнеўскі, А. М. Пашкевіч, А. М. Грышкевіч.

Яшчэ з сярэдзіны 70-х гадоў Мікалай Аўчыннікаў, вучань Івана Сталярова і Фелікса Гумена, актыўна заявіў пра сябе як прадстаўнік віцебскай школы акварэлі. Сёння М. В. Аўчыннікаў мае рэпутацыю аднаго з вядучых беларускіх майстроў акварэлі – гэтай няпростай тэхнікі, тэмпераментнай, капрызнай, непрадказальнай, складана кантралюемай, якая патрабуе шпаркасці і дакладнасці ў працы і не церпіць пераробак. Яго акварэльныя працы не вылучаюцца яркім колерам і дэкаратыўнасцю, якія кідаюцца ў вочы, аднак ім уласцівы філасафічнасць, глыбокая прадуманасць мастацкай формы, адкрытасць эксперыменту і імправізацыі, высокае майстэрства выканання. Прычым мастак стварае тэхнічна складаныя творы вялікіх фарматаў, разбураючы тым самым стэрэатып аб камернасці акварэлі.

Асноўная тэма пейзажаў М. В. Аўчыннікава – гістарычныя мясціны Беларусі, помнікі культуры, архітэктуры і археалогіі. Яго пейзажы лірычныя і рамантычныя па настроі, пранікнёныя па вобразнай ідэі, стрыманыя і празрыстыя па каларыстыцы. Адчуваецца, што мастак глыбока неабыякавы да гістарычнай памяці свайго народа і ў сваіх творах імкнецца раскрыць перад гледачом тую непарыўную сувязь мінулага і сучаснасці, якую захоўвае культурная спадчына, перададзеная нам продкамі.

Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў
Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў
сучасны беларускі мастак

Нарадзіўся 3 снежня 1952 года ў вёсцы Гарадзец Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1974 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў І. М. Сталярова, Ф. Ф. Гумена. Удзельнічае ў выставах з 1976 года, у яго актыве больш за 200 персанальных і групавых выстаў у Беларусі, Бельгіі, Германіі, Ірландыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Швецыі, Эфіопіі. Працуе ў акварэлі і станковым жывапісе. Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 года. Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (2007). Творы М. В. Аўчыннікава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Мінскім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях Германіі, Ізраіля, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, ЗША, Украіны, Чэхіі, Швецыі. Жыве ў г. Маладзечне, выкладае жывапіс і кампазіцыю ў Гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна.

 

Куратар выставы – Франц Корзун, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

Выстава будзе працаваць 
да 19 сакавіка 2023 года

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30