У калекцыі еўрапейскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь збор твораў майстроў французскай школы, храналагічныя рамкі якога ахопліваюць перыяд з XVII па ХХ стагоддзе, – адзін з найбольш значных па якасці і колькасці экспанатаў.
На працягу многіх стагоддзяў французская школа была найбуйнейшай еўрапейскай мастацкай школай. Францыя дала свету готыку, знакамітых майстроў Паўночнага Адраджэння; французскія мастакі XVII стагоддзя, нараўне з італьянскімі майстрамі, сталі буйнымі прадстаўнікамі стылю барока, а такія стылі і напрамкі, як класіцызм і ампір, ракако і мастацтва Асветы, з’яўляюцца дасягненнямі чыста французскага мастацтва.
Збор французскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь уключае ў сябе нямала цікавых, пераважна жывапісных і графічных твораў, на прыкладзе якіх можна паслядоўна і паўнавартасна прадэманстраваць развіццё выяўленчага мастацтва Францыі і яго ўплыў на іншыя еўрапейскія школы.
У калекцыі музея захоўваецца шэраг сапраўдных шэдэўраў, створаных такімі вялікімі майстрамі французскай школы, як Жан Франсуа дэ Труа (1674–1752), Алексіс Грыму (1678–1733), Клод-Жазэф Вернэ (1714–1789), Гюбер Рабер (1833) ), Жан-Батыст Рэньё (1754–1829), Мары Луіза Элізабэт Віжэ-Лебрэн (1755–1842), Франсуа Жэрар (1770–1837) і інш. Не менш значным з’яўляецца і збор французскай гравюры, пераважна XVIII стагоддзя, а таксама калекцыя французскай кніжнай ілюстрацыі канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя.
Выстава “Французскае выяўленчае мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” працягвае цыкл тэматычных экспазіцый, якія паказваюць выяўленчае мастацтва асобных еўрапейскіх мастацкіх школ на прыкладзе твораў з калекцыі музея. На выставе будзе прадстаўлена больш за 160 твораў жывапісу, графікі і скульптуры, што дасць магчымасць гледачу больш глыбока пазнаёміцца з калекцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Творы, што экспануюцца на выставе, даюць выдатную магчымасць пазнаёміцца з адной з найбуйнейшых мастацкіх школ свету, французскай школай, і прасачыць развіццё і эвалюцыю мастацтва гэтай краіны на працягу XVII – пачатку XX стагоддзя.
Частка твораў, прадстаўленых на выставе, экспануецца ўпершыню.
Куратар выставы “Нашы калекцыі. Французскае выяўленчае мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” – Святлана Пракоп’ева, заг. аддзела замежнага мастацтва (+ 375 /17/ 358 27 99).