Збор нямецкага мастацтва XVII–XXI стагоддзяў у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь уключае ў сябе нямала цікавых, пераважна жывапісных і графічных твораў. Выстава “Нямецкі жывапіс і гравюра XVII – пачатку XX стагоддзя” заклікана не толькі пазнаёміць гледача з творамі майстроў нямецкай школы ў калекцыі музея, але і прадэманстраваць развіццё і эвалюцыю мастацтва гэтай краіны на працягу трох стагоддзяў.
Сярод жывапісных экспанатаў выставы – парадныя партрэты кампазітара і мецэната, чалавека, імя якога непарыўна звязана з культурай Беларусі, – Міхала Казіміра Агінскага (1730–1800) пэндзля дрэздэнскай мастачкі Ганны Разіны Лішэўскай (Лісеўскай) (1713–1783) і ўладальніка маёнтка Раманава Аршанскага павета Магілёўскай губерні Аляксея Дандукавіча Дандукова (каля 1734–1781) вядомага партрэтыста XVIII стагоддзя Фрыдрыха Гартмана Барызьена (1724–1796), а таксама так званыя “рэмбрантэскі” –работы, створаныя пад уплывам вялікага галандца, асабліва папулярныя ў XVIII стагоддзі.
Акрамя партрэта ў нямецкім мастацтве першай паловы XVIII стагоддзя вядучае месца займаўдэкаратыўны жывапіс. Вядомы аўтар манументальных роспісаў, паўднёва-германскі жывапісец Іаганес Цык (1702–1762) на выставе прадстаўлены кампазіцыяй “Юдзіф і Алаферн”. З творчасцю аднаго з выбітных нямецкіх мастакоў XVIII стагоддзя Даніэля Хадавецкага(1726–1801) у экспазіцыі знаёміць жывапіснае палатно “Менуэт у парку”.
Адным з папулярных у нямецкім мастацтве быў батальны жанр, які на выставе прадстаўлены творамі Іагана Фрыдрыха Зейпеля (другая палова XVIII – пачатак XIX стагоддзя) (“Баталія”), Карла Фрыдрыха Шульца (1796–1866) (“Прывал”) і Вільгельма Аляксандра Меерхейма (1815–1882) (“Фуражыры, якія вяртаюцца”).
З часоў Адраджэння гравюра з’яўляецца адным з найпапулярнейшых відаў выяўленчага мастацтва Германіі. Творы вядомага нямецкага гравёра Мельхіёра Кюзеля (1626 – каля 1683) – найбольш раннія экспанаты калекцыі нямецкай графікі музея.
Найбуйнейшымі майстрамі нямецкай рэпрадукцыйнай графікі XVIII стагоддзя былі Георг Фрыдрых Шміт (1712–1775) і Жан Георг Віле (1715–1808). На выставе прадстаўлены цэлы шэраг рэпрадукцыйных гравюр, што ўзнаўлялі жывапісныя арыгіналы, якія належаць пэндзлю як французскіх, так і галандскіх мастакоў, такіх як Андрыян ван Астадэ (1610–1685), Габрыэль Мэтсю (1629–1667), Герард Тэрбах (1617–1681), Каспар Нетшэр (1635/1636–1684), Давід Тэнірс Малодшы (1610–1690).
Акрамя рэпрадукцыйнай гравюры, у нямецкай школе XVIII стагоддзя важнае месца займае гравюра, якая ствараецца гравёрам па ўласным малюнку. Хрысціян Вільгельм Эрнст Дзітрых (1712–1774) – жывапісец, малявальшчык, гравёр – быў найбуйнейшым майстрам аўтарскай гравюры. Сярод прадстаўленых на выставе твораў Дзітрыха – бліскучыя кампазіцыі “Гандляр галантарэйнымі таварамі”, “Венгерскі прадавец пацучынага яду”, “Вандроўныя музыкі”, “Два мядзведжыя павадыры”, выкананыя ў духу галандскіх майстроў, а таксама пейзажы, створаныя ім у перыяд падарожжа па Італіі .
Акрамя Берліна, двума найбуйнейшымі мастацкімі цэнтрамі, дзе ўзгадавалася не адно пакаленне нямецкіх гравёраў, былі пачынаючы з XVI стагоддзя Аўгсбург і Нюрнберг. Адной з вядомых Аўгсбургскіх сем’яў гравёраў і мастакоў была сям’я Хертэляў. З Аўгсбургам звязана імя і Іагана Эліяса Рыдзінгера (1698–1767) – вядомага нямецкага жывапісца-анімаліста, малявальшчыка і гравёра.
Другім буйным цэнтрам гравюры ў Германіі ў XVIII стагоддзі быў Нюрнберг. На выставе экспануюцца творы двух нюрнбергскіх майстроў – Іагана Хрыстофа (Яна Хрыстофа) Дзітша (1710–1769) і Іагана Юстына Прэйслера (1698–1771).
У XIX стагоддзі адным з найважнейшых жанраў, якія прывабліваюць да сябе цікавасць гравёраў, становіцца партрэт. Увага да чалавека, яго ўнутранага свету, спроба перадаць не толькі знешняе падабенства, але і духоўны стан мадэлі, знайшлі сваё адлюстраванне ў выдатных узорах гравіраванага партрэта XIX стагоддзя, створаных такімі вядомымі майстрамі, як Іаган Фердынанд Крэтлаў(1767–1842) (“Партрэт графа Станіслава Патоцкага”), Фрыдрых Енцэн (1804–1875) (“Партрэт князя Міхаіла Сямёнавіча Варанцова”), Вільгельм Лейбль (1844–1900) (“Партрэт маці”, “Партрэт доктара Юліуса Майра”).
Пачатак XX стагоддзя – час самых разнастайных напрамкаў у выяўленчым мастацтве, бясконцых пошукаў і шматлікіх творчых аб’яднанняў мастакоў. Сярод твораў нямецкіх майстроў гравюры, якія працавалі на мяжы XIX–XX стст., асаблівай увагі заслугоўваюць працы Кётэ Кольвіц (1867–1945) (“На полі бітвы”), Макса Лібермана (1847–1935) (“Аголены коннік на пляжы”) і Макса Слефогта (1868–1932) (“Танцоўшчыца Марыета дзі Рыгарда”) – прадстаўнікоў нямецкага імпрэсіянізму і югендстылю.
Выстава “Нямецкі жывапіс і гравюра XVII – пачатку XX стагоддзя з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” арганізавана пры падтрымцы шматгадовага партнёра музея – Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь.