Вялікая Айчынная вайна – адна з самых разбуральных і крывавых войн у гісторыі нашай краіны. Беларусь прыняла адзін з першых удараў нямецкіх войскаў на тэрыторыі СССР: ужо 28 чэрвеня, праз шэсць дзён пасля пачатку вайны, быў узяты Мінск, а да канца жніўня 1941 года ўся тэрыторыя Беларусі была занята нямецкімі войскамі. Тры гады акупацыі і цяжкія баі, што двойчы пракаціліся па тэрыторыі краіны, у 1941 і 1944 гадах, забралі каля двух мільёнаў жыццяў і пакінулі глыбокі адбітак у народнай свядомасці. Для некалькіх пакаленняў нядаўняя гісторыя падзялілася на “даваенную” і “пасляваенную”.
Вайна прайшла і па лёсах многіх беларускіх мастакоў. А. А. Астаповіч загінуў у баі ля вёскі Рухаў Бранскай вобласці, А. М. Бразер і І. І. Мільчын – у мінскім гета. Я. А. Зайцаў, А. А. Бембель, А. К. Глебаў, С. І. Селіханаў, Н. М. Воранаў, Л. Д. Шчамялёў, П. В. Масленікаў змагаліся на фронце. В. А. Грамыка, Г. Ф. Бржазоўскі ўдзельнічалі ў партызанскім руху. З. І. Азгур, І. В. Ахрэмчык, Б. Ф. Звінагродскі, А. В. Волкаў прымалі ўдзел у выпуску сатырычнага лістка “Раздавім фашысцкую гадзіну”. М. А. Савіцкі прайшоў праз нацысцкія канцлагеры. І. М. Басаў вымушаны быў пакінуць родныя мясціны і служыў у працоўнай арміі пад Масквой.
Ваенная тэма заканамерна стала адной з цэнтральных у беларускім выяўленчым мастацтве пасляваенных дзесяцігоддзяў і адыграла важную ролю ў фарміраванні нацыянальнай мастацкай школы.
На выставе “Памяць народа” экспануюцца творы розных гадоў: самыя раннія з іх створаны яшчэ ў ваенныя гады, самыя познія – ужо ў незалежнай Беларусі. Такім чынам, увазе наведвальнікаў прадстаўлена творчасць некалькіх пакаленняў мастакоў, кожнае з якіх прыўнесла ў ваенную тэму сваё светаадчуванне, сваё разуменне, свой пачуццёвы досвед.
Творы 1940–1950-х гадоў ствараліся мастакамі, чыя творчая сталасць прыпала на перадваенныя і ваенныя гады (З. І. Азгур, А. А. Бембель, І. А. Давідовіч, Я. А. Зайцаў, Я. М. Ціхановіч). Працамгэтага перыяду, створаным у рэалістычным стылі “па гарачых слядах”, уласцівы непасрэднасць уражання, нескладаная апавядальнасць сюжэтаў, дакладнасць, “дакументальнасць” у перадачы нават дробных дэталей. Часта мастакі выкарыстоўвалі для сваіх твораў накіды і замалёўкі, зробленыя непасрэдна на перадавой ці ў партызанскіх атрадах. Менавіта паводле такіх замалёвак была напісана карціна Я. А. Зайцава “Стаяць насмерць” (1948).
У 1960-я гады ў мастацтва прыйшло новае пакаленне – тыя, хто застаў вайну ў дзяцінстве і юнацтве і як мастак сфарміраваўся ўжо ў пасляваенныя гады (В. А. Грамыка, П. А. Данелія, М. В. Данцыг, М. А. Савіцкі, Л. Д. Шчамялёў). У творчасці майстроў новага пакалення важнасць набывае не фіксацыя падзей вайны і ўражанняўад іх, а іх асэнсаванне ў кантэксце пасляваенных рэалій. Адбываецца паступовыадыход ад гераічнага пафасу, апавядальнасці і ілюстрацыйнасці сюжэтаў, для твораў новага пакалення характэрны прастата і лаканічнасць выразных сродкаў, манументалізм і статычнасць форм, паглыблена-псіхалагічны падыход да выяўленых сюжэтаў. Так ствараецца“суровы стыль”, які вылучае беларускі савецкі жывапіс 1960–1970-х гадоў.
У 1980–1990-х гадах падыход да ваеннай тэмызноў змяняецца. Ваенныя гады ўсё далей адыходзяць у гісторыю, прыходзяць новыя пакаленні мастакоў, што вайны ўжо не бачылі, і таму з’яўляецца ўсё больш кампазіцый філасафічнага складу, не звязаных з канкрэтнымі падзеямі і асобамі. Творы пра вайну набываюць рамантычны характар, яны багата насычаны сімваламі, метафарамі, алегорыямі. Разнастайныя эксперыменты з колеравай гамай і кампазіцыяй, размыванне жанравых межаў, злучэнне розначасовых пластоў у межах аднаго твора, асэнсаванне ваеннай тэмы ў рэлігійным, міфалагічным, прытчавым ракурсе – гэта характэрныя рысы твораў канца XX стагоддзя.
Выстава “Памяць народа. Вялікая Айчынная вайна ў мастацтве” дае магчымасць убачыць жанравую разнастайнасць твораў на ваенную тэматыку і шматлікасць спосабаў трактавання ваеннай тэмы ў выяўленчым мастацтве, прасачыць, як змянялася жывапісная мова ад ілюстрацыйнасці ў творах ваенных і першых пасляваенных гадоў да больш складаных, філасофскіх твораў апошніх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, і ацаніць значнасць тэмы апошняй вайны для беларускага мастацтва другой паловы мінулага стагоддзя і для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.