Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес

Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

"Перадзвіжнікі” – так называюць мастакоў-арганізатараў і мастакоў-экспанентаў Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. Першая выстава Таварыства перасоўных мастацкіх выставак адкрылася ў Пецярбургу 29 лістапада 1871 года.

Роўна праз 150 гадоў, 29 лістапада 2021 года, выстава “Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес” адкрылась ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Сёння “перадзвіжнікі” – гэта адны з самых вядомых і знакамітых мастакоў у гісторыі мастацтва. Сапраўды, “зоркі рускага жывапісу”: Іван Крамской, Рыгор Мясаедаў, Міхаіл Клот, Аляксей Саўрасаў, Васіль Пяроў, Уладзімір і Канстанцін Макоўскія, Васіль Паленаў, Іван Шышкін, Ілья Рэпін, Ісак Левітан, Васіль Сурыкаў, Віктар і Апалінарый Васняцовы, Архіп Куінджы, Валянцін Сяроў і многія іншыя. На сённяшні дзень працы мастакоў-перадзвіжнікаў не страчваюць актуальнасць, карыстаюцца вялікай увагай і знаходзяць водгук у гледачоў любога ўзросту і сацыяльнага статусу.

Збор Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь мае вялікую і разнастайную калекцыю работ аўтарства перадзвіжнікаў. Творы мастакоў-перадзвіжнікаў, якія ўвайшлі ў музейную калекцыю, экспанаваліся на трыццаці сямі (з сарака васьмі арганізаваных) перасоўных выставах. І некаторыя з гэтых палотнаў сёння не толькі займаюць сваё пачэснае месца ў пастаяннай экспазіцыі, але і з’яўляюцца візітнай карткай музея.

У прасторы выставачнага праекта “Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес” размесцяцца больш за сто твораў, а таксама ілюстраваныя каталогі перасоўных выстаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Экспазіцыя прадставіць работы членаў і экспанентаў Таварыства перасоўных выстаў з розных ракурсаў: мастакоў-рэалістаў, мастакоў-асветнікаў і мастакоў-бізнесменаў.

Гэты выставачны праект будуць суправаджаць:

- штотыднёвыя куратарскія экскурсіі;
- лекцыйны цыкл;
- падкаст “Перадзвіжнікі” – спецыяльны сумесны праект з каналам “Культура” Беларускага радыё, прысвечаны жыццю і творчасці мастакоў-перадзвіжнікаў;
- шэраг іншых культурна-адукацыйных мерапрыемстваў.

Да выстаўкі, дзякуючы супрацоўніцтву музея і ААТ “Світанак”, створана ўнікальная калекцыя адзення з адлюстраваннем твораў мастакоў-перадзвіжнікаў з пастаяннай экспазіцыі і збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь; а таксама іншая сувенірная прадукцыя.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30