Плынь часу

Плынь часу

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

З 20 ліпеня у Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава твораў мастакоў Беларусі – юбіляраў 2023 года “Плынь часу” жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Гэта сямнаццатая выстава юбілейнага цыкла. Падобныя экспазіцыі ладзяцца ў музеі з 2008-га (у некаторыя гады было некалькі асобных выстаў гэткага кшталту, часам за год не было ніводнай).

На выставе можна бачыць больш за 80 твораў каля 50 аўтараў у асноўным ад 75 да 150 гадоў. Мастакі, па зразумелых прычынах, прадстаўлены невялікай колькасцю работ, што не дазваляе цэласна паказаць творчасць кожнага, але дае магчымасць выявіць індывідуальнасць майстроў, асабліва ў супастаўленні з іншымі. Некаторыя аўтары “гучаць” сугучна, нягледзячы на аддаленасць іх на дзесяцігоддзі, некаторыя, хоць і жылі ў адзін час, дысаніруюць, увогуле складаючы калейдаскапічную карціну розных светапоглядаў і інтэрпрэтацый рэальнасці.

Мастацтва, якое стваралася на працягу больш за сто гадоў, дазваляе адчуць “атмасферу” розных эпох, пазнаёміцца з эвалюцыяй густаў мастакоў і грамадства, пачуць галасы пакаленняў, ажыццявіць свайго кшталту падарожжа ў часе.

Падобныя выставы пашыраюць рамкі постаяннай экспазіцыі, прадстаўляюць творчасць мастакоў, работы якіх звычайна ў музейную экспазіцыю не ўваходзяць з-за яе таксама абмежаванага аб’ёму. Гэта быццам паказ гледачу “нябачных” твораў “нябачных” майстроў – інакш кажучы, на працягу часам дзесяцігоддзяў бачных толькі нешматлікім супрацоўнікам музея.

Асабліва малавядомыя такія старэйшыя мастакі на выставе, як Казіміроўскі, Камароў, Астаповіч, Глюкман. Работа Марціна Казіміроўскага знаходзілася ў даваеннай Карціннай галерэі, цудам захавалася і вярнулася ў музей. Польскі мастак увасобіў нашага земляка, ураджэнца Беларусі ксяндза Міхала Сапоцьку, прылічанага цяпер да ліку блажэнных. І гэта давялося высветліць супрацоўнікам музея зусім нядаўна, як і аўтарства карціны. Здараецца, з цягам часу творы “губляюць” і аўтара, і назву, але іншы раз атрымліваецца ўзнавіць страчанае. Зінаіда Астаповіч – сястра выдатнага беларускага графіка 1920—1930-х гадоў, куды менш вядомая, але, напэўна, не менш таленавітая за яго. Дзмітрый Камароў, нешараговы каларыст, – аднакашнік у Пензе і Пецярбургу знакамітага Валянціна Волкава, па прапанове якога ён прыехаў у Беларусь і выкладаў у Віцебску і Мінску. Ураджэнец Віцебска Рыгор Глюкман набыў вядомасць у Францыі і ЗША, яго экспануемая работа была падаравана музею прыватнай асобай.

На гэтай выставе прадстаўлены ў асноўным пейзажы і партрэты. Разнастайнасць пейзажнага жанру ў адлюстраванні прыроды Беларусі можна бачыць у работах Абрама Кроля, Віталя Цвіркі, Івана Ахрэмчыка, Мікалая Дударава, Леаніда Шчамялёва, Юрыя Гаўрына, Уладзіміра Ткачэнкі, Віктара Валынца, Сямёна Дамарада. З замежных паездак прывезлі пераканаўчыя творы Віктар Вярсоцкі і Віктар Грамыка, прасякнуўшыся рэаліямі іншых краін.

Дыяпазон партрэтаў – ад пачатку мінулага стагоддзя да яго апошніх гадоў, ад дакладной ці імпрэссыяністычнай перадачы аблічча ў работах Камарова, Астаповіч, Зевіна праз традыцыйны рэалізм партрэтаў Ахрэмчыка да сімволіка-лірычных выяў Любові Майзельс, Нінэлі Шчаснай.

Тэматычная карціна прадстаўлена на выставе кампазіцыямі Алега Скавародкі, Віктара Сахненкі, Алеся Цыркунова, Аляксандра Кішчанкі, кожная з якіх у адзінстве формы і зместу раскрывае абраны мастаком сюжэт.

Абстрактныя і напаўабстрактныя работы Аляксандра Канавалава, Мікалая Бушчыка з асаблівай нагляднасцю дазваляюць убачыць ролю чыста фармальных сродкаў – каларыта, лініі, кампазіцыі, фармата – у стварэнні і ўспрыняцці вобразнага ладу карціны, тым болей калі прысутнічае і вербальны арыенцір для гледача – назва твора.

Корпус скульптуры ўключае як работы перакананага традыцыяналіста Міхаіла Керзіна, які выхаваў старэйшых беларускіх скульптараў савецкага перыяду, гэтак і творы мастакоў іншых творчых прыярытэтаў – Паўла Цомпеля, Івана Кляніцкага, Аляксандра Крохалева. Акрамя таго, матэрыял скульптуры –мармур, гіпс, бронза, чугун – нясе эстэтычную і сэнсавую каштоўнасць і выразнасць.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўляюць на выстаўцы прызнаныя майстры Галіна і Вікенцій Стасевічы, Таццяна і Юрый Рудэнка (шпалеры), Уладзімір Жохаў (шкло).

 

Куратар выставы – Валянціна Уладзіміраўна Вайцэхоўская, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30