Выстава "Па матывах ткацтва"

Выстава "Па матывах ткацтва"

Музей беларускага народнага мастацтва

З 22 снежня 2023 года ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – “Музеі беларускага народнага мастацтва” – пачне працаваць выстава работ майстра па бісеры Веры Уладзіміраўны Занкевіч “Па матывах ткацтва”. На выставе будуць прадстаўлены ўпрыгожванні з бісеру некалькіх калекцый, распрацаваных за перыяд творчай працы аўтара – з 2003 года па 2023 год.

Бісерапляценне – гэта адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асноўным матэрыялам для бісерапляцення з’яўляецца бісер – маленькія шкляныя пацеркі з адтулінай для нанізвання на нітку, лёску або дрот. За час развіцця, пачынаючы са Старажытнага Егіпта і да нашых дзён, бісер стаў унікальным матэрыялам, які дае неабмежаваныя магчымасці майстрам мастацтва рукадзелля розных краін, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь.

Вера Уладзіміраўна Занкевіч з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці як майстар па бісерапляценні. Нарадзілася 11 студзеня 1982 года ў Мінску, а ў 2002 годзе скончыла Мінскі гарадскі вучэбна-прафесійны цэнтр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (цяпер – Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кядышкі). У 2003 годзе стала дзяржаўным стыпендыятам і выканала творчы праект – калекцыю вырабаў з бісеру, якая была прадстаўлена на XI Рэспубліканскай выставе сучаснай народнай творчасці “Калядныя ўзоры” ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі ў снежні 2003 – студзені 2004 года. Калекцыя захоўваецца ў фондах Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Пачынаючы з 2003 года Вера Занкевіч штогод прымае ўдзел у выставе “Калядныя ўзоры” Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнічала ў ІІ Нацыянальнай выставе народнага мастацтва “Жывыя крынiцы” ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску (цяпер – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) (сакавік, 2006), у выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Фарбы душы” (2010, 2013) і ў рэспубліканскай выставе народных рамёстваў “Жывыя крыніцы” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2022).

У 2008 годзе Вера Занкевіч скончыла факультэт народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія рамёствы”.

Акрамя творчай працы Вера Уладзіміраўна займаецца даследчай дзейнасцю, збіраючы інфармацыю па гісторыі бісеру ў Беларусі – ад з’яўлення першых шкляных майстэрняў і вырабу бісеру з розных матэрыялаў да творчасці сучасных беларускіх майстроў. Па выніках даследчай дзейнасці ў 2015 годзе выйшла кніга Веры Занкевіч “Бісерапляценне ў беларускай традыцыі”, дзе расказваецца аб прымяненні бісеруў беларускім касцюме і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

З 2003 па 2023 год Верай Уладзіміраўнай Занкевіч было створана шмат работ у розных тэхніках – пацеркавым ткацтве, нізанні, тэхніцы квадратнага жгута. На выставе “Па матывах ткацтва” будуць прадстаўлены герданы, каўнерыкі, паясы, сумачкі, бранзалеты, шыйныя ўпрыгожанні і велікодныя яйкі.

Выстава будзе працаваць па 18 лютага 2024 года.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень