Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.

Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

27 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне работу выстава “Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.”

Экспазіцыя выставы раскрывае ў першую чаргу сімвалічны аспект мастацтва Беларусі XVII–XIX стст., які раней разглядаўся ў падобных праектах у агульным кантэксце знаёмства з традыцыйнай культурай. Каля 100 твораў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старадрукаваных кніг, створаных на працягу гэтага перыяду, прэзентуюць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дэманструюцца як вядомыя шэдэўры, гонар старажытнабеларускага мастацтва, так і творы менш вядомыя шырокаму гледачу, якія наглядна ілюструюць разнастайнасць стыляў і напрамкаў беларускай мастацкай культуры.

На выставе прадстаўлены іконы, алтарны жывапіс, партрэты свецкіх і духоўных асоб у асяроддзі сімвалічных прадметаў, якія змяшчаюць шырокую інфармацыю. У мінулым яна была зразумелая кожнаму, бо веды акумуляваліся ў багаслоўскім асяроддзі і перадаваліся хрысціянам, у тым ліку ў выявах святых з атрыбутамі. Пальмавая галіна, крыж, кветка лілеі, келіх, меч – прадметы, якія дазваляюць вызначыць імя святога, апостала, мучаніка ці прарока. Гетманская булава, радавы герб, княжацкая мітра – раскажуць пра прадстаўніка шляхецкага саслоўя, яго воінскія доблесці, адданасць рыцарскім ідэалам.

Тэма выставы прасочваецца таксама ў разной драўлянай скульптуры, прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – літургічных адзеннях, мастацкім метале – чашах для прычасця, алтарных крыжах, манстранцыі.

Канцэпцыя экспазіцыі прадугледжвае чатыры тэматычныя раздзелы: сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў выявах Маці Божай, Ісуса Хрыста, яго вучняў і паслядоўнікаў. Экспазіцыя апошняй залы прысвечана партрэтнаму жывапісу, дзе на прыкладзе вобразаў дзяржаўных дзеячаў, духоўных асоб, сямейных пар адлюстравана бесперапынная традыцыя выкарыстання сімвалічных дэталяў, якія раскрываюць патаемны сэнс твора. 

Выстава будзе працаваць да 13 кастрычніка 2024 года.

Куратар выставы – Карпенка Алена Уладзіленаўна, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

іншыя выставы
Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі
Аляксандр Семілетаў: Першы з дынастыі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ
Рэпрадукцыі з твораў Марка Шагала – дар Надзі Лежэ

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі

Музей беларускага народнага мастацтва