На выставе экспануюцца жывапісныя палотны, якія прэзентуюць усе этапы творчасці мастака – ад ранніх работ канца1970-х гадоў, выкананых яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, да палотнаў апошніх гадоў. Назва выставы невыпадковая, яна адлюстроўвае яе камерны характар, дзе асноўнае месца займае партрэтны жывапіс, і адказвае творчым памкненням мастака. Яшчэ ў 1980 годзе, працуючы над дыпломнай карцінай “Час пералётных птушак”, Юрый Піскун паставіў сабе за мэту “пісаць толькі тое, што ён добра ведае і любіць”, сваю родную вёску Ратуцічы, яе жыхароў, сваякоў, людзей, блізкіх яму сваёй дабрынёй, душэўнай шчырасцю і шчодрасцю. Уважліва ўглядаючыся ў твары сваіх мадэляў (большасць партрэтных работ мастак выконваў непасрэдна з натуры), ён імкнецца адчуць і раскрыць у жывапісным адлюстраванні ўнутраны свет чалавека, яго роздумы і клопаты, яго ўнікальную асобу.
Творчае крэда Юрыя Піскуна заснавана на адчуванні важнасці для кожнага чалавека сувязі са сваім родам, роднымі людзьмі, са сваёй зямлёй, сваёй радзімай. Свет сям’і, цеплыня і ўзаемапаразуменне крэўна блізкіх паміж сабой людзей, іх жыццёвы мікракосм успрымаецца мастаком як неадрыўная часцінка Сусвету, макракосмасу, сённяшняга дня і мінулага, сучаснасці і гісторыі. Часам тых асоб, якіх малюе мастак – сваіх дачок, сябе самога, ён адлюстроўвае не ў сучасным адзенні, а ў гістарычных строях (“Зося ў старадаўнім строі”, “Вольга”, “Госці”). Дызайн гэтых тэатралізаваных касцюмаў мастак распрацаваў асабіста. Юрый Піскун найперш вядомы як знаўца беларускага народнага і гістарычнага касцюма. Ім былі створаны касцюмы для такіх знакамітых калектываў Беларусі, як “Песняры”, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Беларусі, харэаграфічны ансамбль “Харошкі”. Творчыя памкненні Юрыя Піскуна (мастака па касцюме, жывапісца, педагога, даследчыка старажытнабеларускага мастацтва) адметныя сваёй шырынёй і разнастайнасцю праяўлення ў розных сферах культуры.