“У аснове таленту пейзажыста заўсёды ляжыць шчырая любоў да прыроды. Зразумець, адчуць прыроду, здолець падслухаць яе гаворку не ўсім дадзена. Усё сваё жыццё я шмат працаваў, вучыўся, назіраў і прыслухоўваўся да маўчання і гаворкі прыроды”, – так В. К. Бялыніцкі-Біруля выказаў сваё стаўленне да пейзажа, тое самае, якое ён сцвярджаў усёй сваёй творчасцю.
В. К. Бялыніцкі-Біруля валодаў незвычайным майстэрствам перадаваць прыгажосць самых разнастайных станаў прыроды: “Дні незваротныя і ў большасці не паўтараюцца… Надзвычай важным бывае першае ўражанне ад месца, якое збіраешся пісаць. Гэтае ўражанне неабходна захаваць, утрымаць падчас усёй працы над эцюдам”, – пісаў мастак. Вясна, мабыць, часцей за ўсё знаходзіць адлюстраванне ў яго працах, бо менавіта гэты час года адрознівае багацце дзіўных станаў прыроды, якія хутка змяняюць адзін аднаго, і ўсе гэтыя этапы – ад пакрытай цяжкім вільготным снегам зямлі з яшчэ неапранутымі лістотай дрэвамі да буйнай майскай зеляніны – адлюстраваны В. К. Бялыніцкім-Бірулем.
Мастак нарадзіўся ў 1872 годзе ў Беларусі ў сядзібе Крынкі каля Бялыніч на Магілёўшчыне. Вучыўся жывапісу спачатку ў Кіеўскай рысавальнай школе ў М. І. Мурашкі, а потым, у 1889–1896 гадах, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў І. М. Пранішнікава, С. А. Каровіна, В. Д. Паленава. Бялыніцкі-Біруля пачаў выстаўляць свае працы яшчэ ў 1891, будучы студэнтам Маскоўскага вучылішча. Затым ён прымаў удзел у рабоце Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў, Маскоўскага таварыства мастакоў і Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. У 1908 годзе В. К. Бялыніцкі-Біруля быў удастоены звання акадэміка жывапісу.
Жыў у Маскве і на сваёй дачы “Чайка” на беразе возера Удомля. У 1920–1930-я гады здзейсніў творчыя паездкі ў саўгас “Гігант” (Растоўская вобласць), на “Азоўсталь”, у Запаляр’е, наваколлі Архангельска. У 1930–1940-я гады жывапісец стварыў серыі работ у жанры мемарыяльнага пейзажа, адлюстраваўшы месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю Аляксандра Пушкіна, Пятра Чайкоўскага і інш.
У 1944 годзе В. К. Бялыніцкаму-Бірулі было прысуджана званне народнага мастака БССР, а ў 1947 годзе – ганаровага акадэміка Акадэміі навук БССР. Афіцыйны візіт мастака на радзіму адбыўся ў тым жа 1947 годзе: “Я не быў больш за сорак гадоў у Беларусі. Але ніколі не забываў яе лясы, рэкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу”, – успамінаў Вітольд Каятанавіч. Амаль месяц з вялікім захапленнем працаваў Бялыніцкі-Біруля ў наваколлях Мінска, напісаўшы некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія потым былі перапрацаваны ў цыкл карцін пра Беларусь.
Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля памёр у 1957 годзе ў Маскве ва ўзросце 85 гадоў. Яго карціны знаходзяцца ў шматлікіх музеях і прыватных зборах. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца самая вялікая калекцыя твораў мастака: больш за 460 эцюдаў і завершаных карцін асноўнага фонду і больш за 160 навукова-дапаможнага.