Вогнепадобныя і агняпальныя… Ікона Веткі

Вогнепадобныя і агняпальныя… Ікона Веткі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

24 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка, якая прадстаўляе шматгадовы аўтарскі праект Веткаўскага музея (2002–2021) – даследаванне вобраза агню ў веткаўскім абразе.

На выставе – вынікі новага этапу даследаванняў. Прадстаўлены нанава знойдзеныя, адкрытыя, вывучаныя, адрэстаўрыраваныя помнікі з трох музеяў (Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” ў Брэсце) і артэфакты з прыватных калекцый.

Абвугленыя абразы памятаюць лёс “агняпальнай Веткі”, якая перажыла спаленні XVIII ст. і пажары ўсіх войнаў, агонь Чарнобыля. Пра гэта сведчаць у экспазіцыі і залочаныя сапраўдныя купалы Ільінскай стараверскай царквы, якія “патанулі ў возера” нашай памяці, падобнага на град Кіцеж. 

Ікона “Вогненнае ўзыходжанне Ільі” разгортвае старажытную версію са сцэнарыем бурных падзей Старога Запавету – у садовых шатах веткаўскага пейзажу.

Агнялікі вершнік на вогненным крылатым кані – “Архангел Міхаіл-ваявода”. Гэты апакаліптычны сюжэт чамусьці стаў адным з самых радасных і жыццесцвярджальных у мастацтве Веткі. Шмат свайго сказала ў вечнай гісторыі барацьбы дабра і зла парадаксальная Ветка. Яе майстры здолелі ўмясціць архетыпічны сюжэт у дынамічную стылістыку ракако. Вабіць дынамікай пераможны вобраз Архангела, звіты, падобна спружыне, разгортваючыся перад гледачом. Адпавядаюць тэме выстаўкі “Нябесныя сілы” – херувімы і серафімы. Адзін з іх – гэта фрагмент роспісу царквы на ацалелым бервяне ад стараверскай малельні. Іншыя – на абразах “Знаменне”, “Сабор архангела Міхаіла”, “Сафія”.

Сярод шматлікіх “вогнепадобных” вобразаў прадстаўлена і “Неапалімая Купіна”. Старазапаветная гісторыя з квітнеючым кустом-купінай, які гарыць, незвычайна блізкая “квітнеючай на Ветцы” культуры. Багародзіца з вогненным лікам – таямніца іканапісу. Сыходзячы ў глыбіні гісторыі Візантыі, гэты вобраз, як лічаць, адраджаецца на Ветцы з яе вогненным імкненнем да Ісціны. Дзева з палаючым лікам – у філасофскіх кампазіцыях, у паклонных абразах, у цалебніках і на сямейных абразах. Экспазіцыйны комплекс “Дарога да Вобраза” паказвае абраз у перспектыве пазалочаных разьбяных ківотаў з матывамі райскага саду, што знамянальна для Веткі.

Група ікон Маці Божай Агнявіднай завяршаецца “залатой кропкай” выставы. Гэта раскошная веткаўская “вогнепадобная” ў пазалочаным чаканным акладзе ў стылі барока і ў разьбяным ківоце, на высокім подыуме-слупку. Сярод абразоў і знакавых прадметаў дэманструюцца тэксты самой Традыцыі, Слова Веткі, якія залоцяцца і сыходзяць у цемру. 

Выстава суправаджаецца дапаможнай тэмай “Калодзежы часу”. Адзін бок кожнага (верхні) – каляровая рэпрадукцыя твора або яго фрагмента. Тэмы “калодзежаў часу” – разважанні аб творчым патэнцыяле вогненнага вобразаабраза і веткаўскага мастацтва. 

У экспазіцыі прадстаўлена 40 твораў веткаўскага іканапісу.

іншыя выставы
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"
Выстава "Хронікі Музея беларускага народнага мастацтва. 45 гадоў"

Музей беларускага народнага мастацтва

Кудрэвічы. Адданыя мастацтву
Кудрэвічы. Адданыя мастацтву

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава "Імгненні жыцця"
Выстава "Імгненні жыцця"

Музей Дом Ваньковічаў

Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957
Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30