Нарадзіўся Генрых Семірадскі ў 1843 годзе пад Харкавам у польскай сям’і. Скончыўшы гімназію, Семірадскі паступіў у Харкаўскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт і атрымаў званне кандыдата. У 1864 годзе ён адправіўся ў Пецярбург, каб стаць вучнем Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Выканаўшы праграму на малы залаты медаль, Семірадскі атрымаў права ўдзельнічаць у конкурсе на вялікі залаты медаль і ў лістападзе 1870 года прадставіў на экзамен карціну “Давер Аляксандра Македонскага да ўрача Філіпа”.

Легенда, што легла ў аснову твора, распавядае пра тое, як цяжка захварэўшага ў адным з паходаў Аляксандра лячыў урач Філіп, які быў не толькі ўрачом, але і блізкім сябрам палкаводца. Ворагі Філіпа, якія зайздросцілі яму, напісалі данос, дзе абвінавацілі яго ў намеры атруціць Аляксандра: у чашы з лекамі яму нібы будзе пададзены яд. Македонскі прачытаў данос і, калі урач прынёс яму лекі, выпіў іх, а данос аддаў Філіпу з просьбай прачытаць пры ім.

Уважлівы позірк Аляксандра не адрываецца ад твара ўрача, які стаіць перад ім і чытае данос на самога сябе. У яго вачах тоіцца хутчэй цікаўнасць, чым падазронасць, ён не верыць у вінаватасць Філіпа. Македонскі ў трактоўцы Семірадскага – ідэальны класіцыстычны герой, выдатны маральна і фізічна. У яго вобразе ўвасоблена ідэя чысціні і высакароднасці чалавечых адносін, перад якімі бяссільныя любыя паклёпы.

Усё тое, што пазней будзе захапляць гледачоў у карцінах Семірадскага – захапляльнасць сюжэта, артыстызм выканання, ужо ёсць у гэтай працы, якая падводзіць вынік гадам вучнёўства.

Жывапіс Генрыха Семірадскага заўсёды быў звернуты да рамантычнага боку чалавечай натуры. Майстар верыў, што мастацтва павінна выхоўваць густ, развіваць уяўленне, спаталяць смагу незвычайнага, немагчымага ў штодзённым жыцці.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30