Мастак Руфін Судкоўскі праславіўся пераважна як марыніст. Дзяцінства і юнацтва мастака прайшлі ў прычарнаморскіх гарадах Ачакаве і Адэсе, дзе ён назаўжды закахаўся ў мора і адчуў сваю схільнасць да мастацтва. Пакінуўшы навучанне ў духоўнай семінарыі, ён паспяхова скончыў Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу, а ў 1882 годзе быў удастоены звання акадэміка.

Сельскія краявіды ў творчасці Судкоўскага нешматлікія. “Хутарок каля возера” адлюстроўвае паўднёвую ўкраінскую прыроду і, хутчэй за ўсё, быў напісаны мастаком у наваколлях яго роднага горада Ачакава або пад Херсонам, у маёнтку Скадоўскіх Белазёрка. У гэтым пейзажы Судкоўскі працуе як прадстаўнік акадэмічнай традыцыі, абноўленай пленэрнымі пошукамі. Яго займаюць разнастайныя эфекты асвятлення, увага да дэталяў і іх старанная прапрацоўка, што надавала жывапісу “добрасумленнасць”, якая высока шануецца ў акадэмічным асяроддзі. Пейзаж напоўнены прывабнасцю і спакоем мернага вясковага жыцця з яго няспешным укладам.