Традыцыі лірычнага пейзажа, закладзеныя Аляксеем Саўрасавым, былі працягнуты ў другой палове XIX стагоддзя яго вучнем Ісакам Левітанам. Карціна “Восень”, напісаная мастаком у 1889 годзе, у перыяд творчай сталасці, адна з лепшых работ майстра ў зборы музея.

Бярозы і асіны, што дрыжаць на ветры, кранальныя і безабаронныя, яны з лёгкім шолахам губляюць залатое лісце і пранізаны вячэрнім паветрам і адыходзячым святлом. Складаны рытм іх размяшчэння (цэнтральную групу дрэў мастак напісаў на фоне цёмнага масіва, каб падкрэсліць усе тонкасці колеру восеньскай лістоты) нараджае ў кампазіцыі адчуванне зыбкай няўстойлівасці. Трапяткія рухі пэндзля вібруюць і фіксуюць усе нюансы колеравых адносін, якія хутка распадаюцца.