Як самастойны жанр пейзаж склаўся ў рускім мастацтве позна, у апошняй чвэрці XVIII стагоддзя, калі ў Акадэміі мастацтваў адкрыўся клас ландшафтнага жывапісу. У 1778 годзе яго скончыў Фёдар Мацвееў – адзін з першых рускіх пейзажыстаў. У якасці заахвочвання маладога мастака, як аднаго з найлепшых, адправілі ў пенсіянерскую паездку ў Італію. Аднак у сілу абставінаў Мацвееў пражыў у Італіі да канца жыцця – сорак шэсць гадоў. Рым і яго наваколлі сталі для яго адной з галоўных крыніц натхнення.

У пейзажы “Рым. Разваліны Форума” са збору Нацыянальнага мастацкага музея жывапісец прадставіў велічны выгляд. Калісьці, у часы імператараў, Форум быў галоўнай плошчай горада, яго архітэктурныя помнікі ўражвалі ўяўленне. Аднак на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў гэта прытулак для рымскай беднаты і тых знатакоў мастацтва, якія захапляюцца залатым векам антычнасці. Апошніх сярод сучаснікаў Мацвеева было нямала, і таму “гераічныя пейзажы” мастака (так іх называюць за ўзвышаную ідэалізацыю прыроды) былі запатрабаваны.

Большасць твораў Мацвеева – гэта панарамныя кампазіцыі. Глядач бачыць прастору нібы з вышыні птушынага палёту. Каб стварыць у карціне ілюзію глыбіні, мастак выбудоўвае выразную перспектыву і паступова высвятляе каларыт ад карычневых тонаў на першым плане да блакітных далеч.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30