Работ, створаных у час Вялікай Айчыннай вайны, не так многа, і сярод іх асаблівая роля належыць партрэту народнай артысткі БССР Аляксандры Нікалаевай. Гэты твор быў выкананы беларускім мастаком Яўгенам Зайцавым у 1943 годзе. У ваенныя гады ён працаваў у цэнтральным штабе партызанскага руху ў Маскве, супрацоўнічаў з сатырычнай газетай “Партизанская дубинка” і часопісам “Раздавим фашистскую гадину”.

З’яўленне такіх работ было выклікана тым, што ў трагічныя дні вайны многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі таксама ваявалі, змагаліся з ворагам сваёй зброяй – зброяй мастацтва. Акцёры і музыканты выступалі перад параненымі салдатамі ў шпіталях, ездзілі са спектаклямі на фронт. У такіх брыгадах удзельнічала і вядомая балерына Аляксандра Нікалаева. Ураджэнка Ленінграда, выпускніца ленінградскага харэаграфічнага вучылішча, яна яшчэ да вайны прыехала па запрашэнні тэатра оперы і балета ў Мінск, дзе аж да 1960-х гадоў была вядучай балерынай. Партрэт Аляксандры Нікалаевай – адзін з самых удалых партрэтаў мастака. Тут, мабыць, з найбольшай выразнасцю і майстэрствам выявілася яго здольнасць раскрыць яе характар. Нягледзячы на тое, што Аляксандра Нікалаева адлюстравана ў сцэнічным касцюме, Яўген Зайцаў рашуча вызваляе сваю гераіню ад найменшага элемента тэатральнасці. Тут няма і намёку на выяву жыццярадаснай, бойкай і жвавай Кітры з балета Мінкуса “Дон Кіхот”. Строгая пастава партрэтуемай, бліскучыя вочы, пластычна востры жэст яе рукі, якая ўпіраецца на стан, перадаюць трывогу і напружанасць гэтага часу, калі коштам неймаверных высілкаў былі выйграны Сталінградская і Курская бітвы, што вызначылі пералом падчас вайны. У партрэце прысутнічаюць сіла, энергія, мужнасць. Драматычная аснова выявы выдатна выяўлена і глыбокім напружаным каларытам, кантрастамі белай ажурнай сукенкі і цёмнага згушчанага фону чорных, як смоль, валасоў і барвяных уплеценых у іх стужак. Перад намі надзіва дакладны вобраз актрысы, якая ў поўнай меры прыняла на сябе працу вайны. 

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30