Зоя Літвінава – адна з нямногіх беларускіх жанчын-мастачак з ярка выяўленым талентам да манументальнай формы. Яе станковыя творы ўражваюць не толькі шчодрасцю колеру і святла, але і сусветным характарам намаляванага на палатне. Менавіта такім творам з’яўляецца праца “Цвіценне”, напісаная ў 1988 годзе. Гэта карціна-сімвал, карціна-прытча, жывапіснае адлюстраванне жыццёвых сіл прыроды, свята нараджэння, мацярынства і Быцця. Бо цвіценне – гэта не проста асаблівы перыяд жыццядзейнасці раслін, але і здароўе, і дабрабыт чалавека, з сімвалічнага пункта гледжання. Калі чалавек здаровы і адорвае нас сваёй фізічнай, інтэлектуальнай і духоўнай прыгажосцю, мы кажам, што ён квітнее.

Цвіценне нагадвае нам не толькі свята колеру і святла, але і свята вясны, а такім чынам, адраджэння і працягу жыцця. Менавіта таму на палатне Зоі Літвінавай, на фоне эмацыянальнай прасторы, што пульсуе яркімі колерамі, мы бачым жанчын, якія засяваюць поле насеннем, што зноў зацвіце і падорыць новае жыццё. Анёлападобнае дзіця – і ёсць тое новае чыстае і светлае жыццё, а сама карціна – гэта сад бесперапыннага цвіцення. Сведчаннем гэтага з’яўляецца вясёлка як знак запавету “паміж Богам і паміж зямлёю”, як сімвал абноўленага свету.

Намаляваная сцэна паказвае таксама сувязь з народнымі славянскімі і хрысціянскімі каранямі. Колеравы лад, урачыстасць чырвонага з залатым свячэннем, выкарыстанне іконнага сілуэта, дакладная выява хрысціянскіх сімвалаў – усё гэта нагадвае прыёмы старажытнарускіх майстроў. Разам з тым інтэнсіўнасць і гучнасць колеравых суадносін, простыя выяўленчыя вобразы, схематызацыя формы ў поўнай меры суадносяцца і з народнымі прынцыпамі беларускай культуры.

І ў гэтым сэнсе палатно “Цвіценне” – знакавы твор для свайго часу, які падкрэслівае сувязь з глыбіннымі пластамі нацыянальнай гісторыі і культуры. Яно было напісана ў пераломны для ўсяго беларускага выяўленчага мастацтва перыяд нацыянальнага адраджэння, калі са здабыццём нашай краінай незалежнасці абвастрылася запатрабаванне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, а асноўным змястоўным стрыжнем творчасці шматлікіх беларускіх мастакоў стаў культ беларускай старажытнасці і акцэнт на тэме каранёў і вытокаў беларускага народа. Актуальнымі для пластычнай канвы становяцца арнаменты, характэрныя для вышыўкі, традыцыйных вырабаў з гліны, дрэва, саломкі. Прыкметнай у творчасці беларускіх мастакоў стала тэндэнцыя праламлення авангардысцкіх прыёмаў скрозь прызму фальклорных матываў, старажытных міфаў і свят.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні