Стэфанія Станюта – народная артыстка Беларусі, своеасаблівы сімвал беларускага тэатра – пражыла доўгае, насычанае, яркае жыццё. За яе плячыма дзясяткі сыграных роляў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, якому актрыса аддала больш за 70 гадоў. Стэфаніі Міхайлаўне пакінулі шмат прысвячэнняў, але самы вядомы партрэт артысткі належыць пэндзлю яе бацькі Міхаіла Станюты і з’яўляецца адной з жамчужын у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Партрэт створаны ў адзіным творчым парыве, свабодна і шырока.

Маладая дзяўчына ў лёгкай сукенцы простага крою захоплена глядзіць кудысьці ўдалячынь, яе твар абрамляюць доўгія косы, што спускаюцца прама на калені. Упершыню гэтая праца была прадстаўлена на выставе ў 1923 годзе і па праве лічыцца найлепшым творам Міхаіла Станюты. Атрымаўшы цудоўную мастацкую адукацыю ў вядомай мінскай рысавальнай школе Якава Кругера і ў студыі мастачкі Пальміры Мрачкоўскай, скончыўшы Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні ў Маскве, у 1920-я гады Міхаіл Станюта становіцца адным з лідэраў мастацкага працэсу, удзельнікам і арганізатарам першых усебеларускіх выстаў.

Большасць яго твораў да 1941 года была страчана або загінула падчас Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі Мінска. “Партрэт дачкі” цудам захаваўся і быў вернуты ў 1948 годзе з Германіі.

1920-я былі перыядам фарміравання беларускай мастацкай школы, перыядам нацыянальнага адраджэння, калі многія мастакі імкнуліся расшыфраваць традыцыі мінулага, “разгаварыць” нацыянальную культуру, знайсці з ёй дыялог. У ”Партрэце дачкі” М. Станюты выразна бачныя самабытная стылізацыя, нацыянальны каларыт і парасткі новага стылю мадэрн, новай сучаснай мовы – на стыку прафесійнай і народнай. Мастак не проста спісвае з натуры сваю дачку. Ён загадзя зменьвае яе звычайнае аблічча ў духу эпохі мадэрну, якому быў блізкі вобраз жанчыны, таямнічай, якая нагадвае ці то русалку, ці то багіню. Прыкметы мадэрну адгадваюцца ў казачнасці і тэатралізацыі дзеяння, у ярка выяўленай лінейнай рытміцы і ў дэкаратывізме колеру.

Вобраз юнай Стэфаніі ў гэтым партрэце пераклікаецца з паэзіяй сімвалістаў, з тэатральнымі спектаклямі, таму лёгка напаўняецца алегарычным сэнсам, алегарычным зместам.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30