Андрэй Асташоў – адзін з самых запатрабаваных беларускіх скульптараў.

Найбольш яркай, цікавай і арыгінальнай тэмай у яго творчасці сталі вобразы дзяцінства, вырашаныя ў складаным, фантазійным ключы. Асташоў канструюе свой свет, як архітэктар будуе дом. Яму ўласцівы ступеністыя сілуэты, мудрагелістая гульня аб’ёмаў, спалучэнне гладкіх паверхняў з няроўнай фактурай, нібы “ўзрыхленай” разцом. Дзіцячасць, наіўнасць, лялечнасць характарызуюць не толькі выявы самі па сабе, але і ў літаральным сэнсе памер твораў. Уласцівая яго работам мініяцюрнасць дазваляе праявіць майстэрства скульптара ў рабоце з матэрыялам. Прадстаўленую ў экспазіцыі музея скульптуру “Тэатр” адрознівае бездакорнасць прапорцый, лёгкасць і падкрэслена жывапісная пластыка форм.

Мастацтва Андрэя Асташова адводзіць ролю актыўнага сааўтара гледачу, які падбірае ключы да інтэрпрэтацыі яго твораў. Яго працы зачароўваюць і інтрыгуюць, іх хочацца разгадваць і расшыфроўваць, апазнаваць іх сюжэты, характары і вобразы. Геаграфія вобразаў мастака шырокая. Асташову цікавыя і Еўропа, і Азія, і Амерыка, і міфалагічны і нават фантастычныя свет. Усё гэта мудрагеліста спалучаецца ў адной далікатнай выяве маленькай дзяўчынкі або ў амаль абстрактнай постаці “Тэатр”. У гэтых шматлікіх адсылках няцяжка выявіць стылістыку і тэматыку маньерызму, ракако і арт-дэко і безумоўную любоў скульптара да арыенталізму – выяваў усходняй культуры.