Савецкая жанчына, хто яна? За гэтым паняццем стаіць устойлівае ўяўленне пра пэўны тыпаж, аблічча, характар, прафесію прадстаўніц прыгожага полу. Тып эмансіпіраванай жанчыны-таварыша, прапагандыста, камсамолкі, партыйнага работніка стаў адным з самых распаўсюджаных з першых гадоў савецкай улады. Ён увасабляў ідэальны вобраз “савецкай прыгажуні”, такі далёкі ад канонаў прыгажосці класічнага мастацтва. У аснове гэтага тыпу – цялесна дасканалая жанчына, дарослая, моцная і прыгожая. Яна як бы выступае ў мужчынскай ролі – ударніцы цяжкай індустрыяльнай працы, а таму пазбаўлена залішняй жаноцкасці, вытанчанасці і цеплыні.

Адзін з яркіх вобразаў новай савецкай жанчыны ўвасобіла беларуская мастачка Людміла Зданоўская ў адзінай працы “Выступленне стаханаўкі”, якая захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Каб падкрэсліць нечалавечыя здольнасці прадстаўнікоў стаханаўскага руху, Людміла Зданоўская нібы з мармуру высякае фігуру сваёй гераіні, узнагароджваючы яе сапраўды мужчынскімі рысамі. Горда паднятая галава, упэўнены твар, скіраваны ў “светлую будучыню” погляд стаханаўкі ўзмацняюць уражанне, што гераіня – чалавек энергічны і прамы, справядлівы і бескампрамісны.

Тое ж самае можна сказаць і аб стылістычным рашэнні палатна. У якасці сімвалічнага элемента выкарыстоўваецца “рэвалюцыйны” чырвоны колер – ён літаральна вылучае носьбіта галоўнай ідэі, стаханаўку, якая адлюстравана франтальна і звяртаецца непасрэдна да гледачоў. Найважнейшымі атрыбутамі партрэта становяцца і настольная лямпа з зялёным абажурам, і скульптура правадыра, без якой немагчыма было ўявіць не толькі цэнтральныя плошчы гарадоў, але і ўстановы, і музейныя калекцыі.

“Выступленне стаханаўкі” – гэта злучэнне новага героя і ідэйнай насычанасці, індывідуальных рыс і зборнага характару. Верагодна, выява моцнай і бескампраміснай стаханаўкі, якая глядзіць на нас з палатна, была не толькі вынікам аўтарскай рэфлексіі, але і жыццёвай пазіцыяй Людмілы Зданоўскай. Скончыўшы Віцебскі мастацкі тэхнікум у 1928 г., у пачатку 1930-х яна пачынае ўзначальваць мастацкі аддзел будаўніцтва Дома ўрада, удзельнічае ў выставах. На жаль, ледзь паспеўшы пачацца, творчы і жыццёвы шлях Людмілы Зданоўскай абарваўся. Мастачцы было ўсяго толькі трыццаць чатыры гады, калі яе не стала. Як мяркуецца, яна загінула ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у акупаваным Мінску ў 1942 годзе.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30