У кожнага вялікага горада ёсць свой мастак! Для Мінска такім майстрам, які здолеў перадаць дыханне сталіцы, рытмічны характар гарадскога жыцця, стаў народны мастак Беларусі Май Данцыг. Манументальнае палатно “Мой горад старажытны, малады” – не толькі яркі і “прыбраны” партрэт горада, гэта “мастацкі дакумент” эпохі, які адлюстроўвае дух часу.

Від на Мінск адкрываецца нібы з высокага ўзгорка. Маю Вольфавічу было ўласціва маляваць свой родны горад з самых “нечаканых” месцаў, не даступных простаму пешаходу. “Туды нельга!” – крычалі будаўнікі адважнаму мастаку, які залез на самы верх яшчэ будуемага Белпрампраекта, каб убачыць прадстаўленую на палатне грандыёзную панараму Мінска. Кампазіцыя палатна ўключае ў сябе практычна ўвесь гістарычны цэнтр горада: від на Траецкую гару з моцай “барабанаў” будынка Тэатра оперы і балета, Верхні горад з дамінантай кафедральнага Свята-Духава сабора, від на Камуністычную вуліцу з тэлевышкай і аб’екты горада, якія яшчэ будуюцца. Карціна Мая Данцыга захоўвае і аблічча не ацалелай да нашых дзён самай старажытнай мінскай Халоднай сінагогі, пабудаванай яшчэ ў канцы XVI стагоддзя. Яна адлюстравана ў ніжнім правым куце. У сувязі з рэканструкцыяй горада ў 1965 годзе сінагога была знесена, і Май Данцыг пісаў яе па памяці, успамінаючы, як магутныя сцены будынка ўражвалі яго ў юнацтве, нагадваючы сярэднявечную крэпасць.

Але перад намі мастак адначасова разгортвае і Мінск 1970-х гг., дынамічны і зменлівы. Будаўнічая тэхніка, пάлі і пад’ёмныя краны, грузавікі, што перавозяць блокі панэльных дамоў, рэкламныя шчыты з афішамі і фотапартрэтамі вядомых акцёраў і спартсменаў, выразаныя з газет і часопісаў таго часу і налепленыя проста на фарбавыслой – усё гэта паэтычная выява сучаснасці, сімвал новага жыцця.

Мастак нібы ўцягвае нас адначасова ў мінулае, сучаснасць і будучыню, імкнецца паказаць развіццё вобраза ў часе і прасторы, у шматслойнасці гістарычных пластоў.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні