У гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва Антон Бархаткоў (1917–2001) па праве з’яўляецца адной з ключавых фігур у развіцці пейзажнага жанру. Аднак візітнай карткай і работай, што прадстаўляе мастака ў пастаяннай экспазіцыі мастацкага музея, стаў рэдкі ў творчасці пейзажыста зварот да жанру інтэр’ера з уключэннем партрэтнай выявы.

Карціна «Першая песенька» (1957) – твор аўтабіяграфічны. Ён звязаны з прызваннем жонкі мастака Соф’і Кузьмінічны Бархатковай – актрысы музычнага тэатра і выкладчыка ў музычнай школе № 5 г. Мінска.

У гэтым поўным абаяння творы спалучыліся канкрэтныя партрэтныя характарыстыкі і зборнасць вобразаў, апавяданне пра савецкую эпоху з характэрнымі дэталямі інтэр’ера і імпрэсіяністычнасць жывапіснага рашэння.

У напоўненым сонечным святлом пакоі каля адчыненага акна праходзіць урок музыкі. Маленькая дзяўчынка спявае песеньку, акампануючы сабе на раялі. Побач з ёй, крыху нахіліўшыся, стаіць маладая настаўніца, у якой мастак адлюстраваў сваю жонку. Яна дапамагае знайсці юнаму таленту тую чысціню гучання песенькі, увасобленую мастаком у гучнасці і звонкасці жывапіснага рашэння палатна. Менавіта таму святло тут з’яўляецца трэцім галоўным героем: яно зменьвае ўсю карціну: высвятляе чорную паліраваную паверхню раяля, пранікае скрозь фіранкі, яркімі плямамі кладзецца на падлогу і стварае адчуванне “цеплыні” паветра.

Мастак выдатна вырашае партрэтныя задачы ў адлюстраванні жонкі, сапраўды перадаючы не толькі вонкавае падабенства, але і ўласцівыя ёй рысы характару – мяккасць і інтэлігентнасць.

Правобразам намаляванага інтэр’ера, верагодна, была ўласная кватэра аўтара. Сярод нешматлікіх дэталяў – чорны раяль – сапраўдная сямейная рэліквія. Рэдкі інструмент, выраблены ўсяго ў пяці экземплярах, адрозніваўся надзвычайным гукам, быў падораны бацьку Соф’і Кузьмінічны ў 1905 годзе і пазней атрыманы ёю ў спадчыну.

Карціна “Першая песенька” стала не толькі візітнай карткай Антона Бархаткова, але і этапным, знакавым творам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя, які адлюстраваў перамены 1950-х гадоў. Пасля смерці Сталіна і жорсткіх абмежаванняў у мастацтве 1940-х гадоў, пасля цяжкага ваеннага перыяду жывапіс захацеў быць афарбаваным у яркія і светлыя тоны, захацеў загаварыць пра маладосць і мары, пра дзяцінства і бесклапотнасць.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні